«Белджы X50» на 4-м месцы ў спісе самых прадаваных аўтамабіляў у Расіі
Хоць Lada застаецца безумоўным лідарам па продажах у Расіі, але аўтамабільны брэнд з Беларусі актыўна канкурыруе за высокія пазіцыі ў топе.
Фота: belgee-mkad.by
У жніўні 2025 года ў Расіі было прададзена 122 235 новых легкавых аўтамабіляў, што на 17,6% менш, чым за аналагічны перыяд летась. Пра гэта сведчаць даныя аналітычнага агенцтва «Автостат».
На гэтым фоне вылучаецца BelGee — беларуска-кітайская марка, што паказала імклівы рост. У жніўні яе продажы павялічыліся ў 2,2 раза ў параўнанні з мінулым годам і склалі 7806 адзінак.
За студзень—жнівень рэалізацыя вырасла ў 1,5 раза — да 32,15 тыс. аўтамабіляў.
Такім чынам доля BelGee на расійскім рынку істотна паднялася: у жніўні 2025 года — 6,39% (2,35% — год таму).
Лідарства на рынку ўпэўнена захоўвае марка Lada, на якую прыйшлося 22,6% усіх продажаў (27 610 машын).
Топ-10 самых прадаваных мадэляў у жніўні 2025 года:
Lada Granta — 12 912;
Haval Jolion — 6643;
Lada Vesta — 6332;
Belgee X50 — 5102;
Chery Tiggo 7L — 3770;
Changan Uni-S — 3532;
Chery Tiggo 4 — 3476;
Geely Monjaro — 3331;
Haval M6 — 3141;
Lada Niva Legend — 3013.