Пуцін і Аліеў сустрэліся ў Кітаі, але сустрэча была халоднай
Перад парадам у Пекіне, прысвечаным заканчэнню Другой сусветнай вайны, прэзідэнты Расіі і Азербайджана — Уладзімір Пуцін і Ільхам Аліеў — сутыкнуліся ў кулуарах. Твар Аліева пасля поціску іх рук змяніўся.
На відэа відаць, як Пуцін імкліва падышоў да Аліева, яны коратка паціснулі адзін аднаму рукі. Твар Аліева, які перад гэтым смяяўся, змяніўся. Размовы паміж імі, як вынікае з відэа, не адбылося.
Таксама Пуцін павітаў жонку азербайджанскага лідара Мехрыбан.
Такія паводзіны кантраставалі з тым, як Аліеў перад Пуціным павітаўся з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым — яны абняліся, абмяняліся рэплікамі.
Перад паездкай у Кітай прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што ў Крамлі «спадзяюцца, што ўсё ж такі яны змогуць заўтра на палях пасяджэння ШАС перасекчыся». Але кадраў іх размовы так і не было.
Такім чынам, кулуарны кантакт перад парадам, верагодна, стаў першай сустрэчай Пуціна і Аліева з кастрычніка мінулага года, піша «Агентство».
На фоне напружанасці паміж дзвюма краінамі, выкліканай катастрофай азербайджанскага пасажырскага самалёта, збітага расійскай СПА, і забойствам з катаваннямі двух азербайджанцаў у Екацярынбургу, Крэмль працягваў дэманстраваць нібыта захаванне нармальных стасункаў з Азербайджанам. Кадры з Кітая сведчаць трохі пра іншае.