У Мінску асудзілі 17-гадовага падлетка, які працаваў кур'ерам тэлефонных махляроў. У адной жанчыны ён забраў $760 тысяч
У снежні 2023 года махляры выйшлі на падлетка ў адным з месенджараў, прапанаваўшы высокааплатную падпрацоўку з гібкім графікам, паведамляе СК.
Першапачаткова яму патрабавалася аформіць банкаўскія карткі ў розных банках Мінска і даць поўны доступ да іх так званаму працадаўцу за ўзнагароджанне.
Пасля было новае даручэнне: строга выконваючы меры канспірацыі, забіраць у пацярпелых грошы пад падставай дэкларавання.
Хлопец дакладна выконваў усе ўказанні куратара, забіраў наяўныя грошы і перадаваў іх іншаму кур’еру. За гэта ён атрымліваў узнагароду, выконваючы, па сутнасці, самую рызыкоўную частку працы, знаходзячыся на вачах у органаў і сістэм відэаназірання.
Фінальным этапам супрацьпраўнай дзейнасці мінчука стала даручэнне забраць у пенсіянеркі буйную суму і падпольна абмяняць яе на крыптавалюту. Аднак дзякуючы аператыўнай працы супрацоўнікаў міліцыі хлопца затрымалі.
У ходзе асабістага вобшуку пры ім было знойдзена больш за 760 тыс. еўра, якія ён забраў у пацярпелай.
Следчыя высветлілі, што хлопец па ўказанні саўдзельнікаў завалодаў грашыма пацярпелых на 2,6 млн рублёў. Сваю віну ён прызнаў і раскаяўся ў здзейсненым.
Вывучэнне асобы школьніка паказала, што ён выхоўваўся ў поўнай сям’і, на прафілактычных уліках не знаходзіўся, да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці раней не прыцягваўся.
Дзеянні падлетка кваліфікаваны па ч.4 арт.209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) і ч.1 арт.222 (незаконнае распаўсюджванне рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак і аўтэнтыфікацыйных дадзеных, з дапамогай якіх магчымы доступ да рахункаў) КК. Да яго з санкцыі пракурора прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам — 3 гады 6 месяцаў са штрафам у памеры 30 базавых велічынь і адтэрміноўкай выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады.