У аэрапорце Вільні з-за дрона затрымалася пасадка самалёта з прэзідэнтам Літвы
Самалёт Spartan з прэзідэнтам Гітанасам Наўседам на борце некаторы час не мог прызямліцца ў Віленскім аэрапорце — меркавана з-за выяўленага беспілотніка, паведамляе LRT.
У панядзелак вечарам Гітанас Наўседа наведваў у фінскім Тамперэ матч чэмпіянату Еўропы па баскетболе Літва — Фінляндыя. Фота: інстаграм прэзідэнта Літвы
«Пры набліжэнні да Віленскага аэрапорта паступіла інфармацыя пра выяўленне беспілотніка і пра тое, што пасадка пакуль небяспечная. Пілоты прынялі ўсе меры бяспекі і праз некаторы час здзейснілі пасадку», — паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Томас Бержынскас парталу 15min.
Паводле даных платформы Flightradar24, самалёт вылецеў з Хельсінкі а 19:10, пачаў кружыць над Вільняй і прызямліўся ў 21:17.
Кампанія Oro navigacija удакладніла, што паведамленне пра дрон над раёнам Лепкальніс, што прымыкае да аэрапорта, паступіла ад Службы авіяцыйнай бяспекі Lietuvos oro uostai.
«Затым былі актываваныя працэдуры бяспекі: палёты былі ненадоўга прыпынены, а пасля атрымання інфармацыі пра адсутнасць пагрозы рух аднавіўся. Мы сумесна з іншымі службамі высвятляем, які менавіта дрон парушыў рух самалётаў», — гаворыцца ў каментары кампаніі.
У канцы жніўня палёты ў Віленскім аэрапорце таксама часова прыпыняліся з-за дрона. Тады меркавалася, што ён належаў прыватнай ахоўнай кампаніі Ekskomisaru biuras, аднак яе кіраўнік Вітаўтас Лабяцкас гэта абверг.