Падазраваны ў забойстве Парубія расказаў, навошта яго забіў: Гэта мог быць і Парашэнка
Падазраваны ў забойстве ў Львове экс-старшыні Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія распавёў журналістам, што прызнае сваю віну, паведамляюць украінскія СМІ.
«Я прызнаю, я яго забіў. І хачу прасіць, каб мяне абмянялі на ваеннапалонных, каб я мог паехаць і знайсці цела свайго сына», — заявіў падазраваны, паведамляе РБК-Украіна.
Ён заявіў, што гэта была «ягоная помста ўкраінскай уладзе». А на пытанне, чаму менавіта ахвярай стаў Парубій, ён адказаў, што палітык «быў побач».
І намякнуў, што магчымай ягонай ахвярай мог быць і экс-прэзідэнт Пятро Парашэнка: «Каб я жыў у Вінніцы, то быў бы Пеця».
Таксама, паводле яго слоў, распаўсюджаныя ў медыях паведамленні пра тое, што яго шантажавалі расійскія спецслужбы інфармацыяй пра зніклага без вестак на вайне сына, — няпраўда.
***
Экс-старшыню Вярхоўнай Рады і экс-каменданта Майдана, дэпутата ад «Еўрапейскай салідарнасці» Пятра Парашэнкі Андрэя Парубія забілі ў суботу, 30 жніўня.
Мужчына, апрануты ў форму дастаўшчыка ежы, некалькі разоў стрэліў у палітыка і ўцёк. У ноч на 1 верасня яго затрымалі.
Кіраўнік Нацпаліцыі Іван Выгіўскі падкрэсліў, што гэты злачынства не выпадковае, і ў ім прысутнічае расійскі след. У час першых допытаў падазраваны прызнаўся ў здзяйсненні і паведаміў пра свае кантакты з прадстаўнікамі Расіі.