Вядучая «Обычного утра» Марына Ментусава расказала, што ў яе «ёсць шмат дыкпікаў ад вядомых мужчын». Пра што яна?
У жніўні на YouTube-канале local выйшаў чарговы выпуск шоу «Гутаркі» з комікамі з Беларусі. Яго госцяй стала Марына Ментусава — вядучая шоу «Обычного утра». Размова была часткова прысвечана скандалу з кіраўніком BYSOL Андрэем Стрыжаком, які дасылаў непажаданыя фатаграфіі палавога члена (дыкпікі) сваім знаёмым жанчынам. Ментусава сказала, што яна бачыла здымкі, пра якія ішла гаворка, і што ёй нямала мужчын дасылалі такія ж. «Люстэрка» ўдакладніла, у якім кантэксце гэта было і хто гэтыя людзі.
Марына Ментусава. Фота: яе акаўнт у фэйсбуку
Па словах Марыны Ментусавай, яна бачыла тыя самыя фатаграфіі геніталій Андрэя Стрыжака — ёй паказалі іх.
Але і ў яе «ёсць шмат дыкпікаў ад розных беларускіх вядомых мужчын». Яна пажартавала, што нават займаецца каталагізацыяй атрыманых фатаграфій.
— У мяне нават ёсць футпікі (ад англ. foot — ступня. — Заўв. рэд.). Так, мне дасылаюць ногі, — прызналася Ментусава. І дадала: — Каб ежу дасылалі, было б не так дрэнна.
Пасля гэтага адзін з вядучых шоу «Гутаркі», комік Ідрак Мірзалізадэ, здзівіўся, што мужчыны ўсур'ёз фатаграфуюць свае ногі, і ўдакладніў, хіба гэта цікава жанчынам.
— Ну, а хіба дыкпікі нам цікавыя без дазволу? — адказала Ментусава.
— Без дазволу нікому не цікавыя, я згодны, — адказаў Мірзалізадэ.
«Люстэрка» вырашыла даведацца, пра якіх менавіта «беларускіх вядомых мужчын» гаварыла Ментусава. Імёны яна не назвала, аднак удакладніла, што дыкпікі былі дасланыя не раптам, а ў кантэксце папярэдніх зносін.
— З многімі з іх [гэтых мужчын] у мяне была нейкая перапіска ці нават прастора для флірту. Яны не з'яўляюцца маімі кіраўнікамі, я з імі ў прынцыпе не працую, — падкрэсліла Ментусава. — Таму такая інфармацыя [фатаграфіі іх аголеных геніталій] мяне наогул ніяк не абражае, не раніць, не трыгерыць.
Пры гэтым Ментусава адзначыла, што, нягледзячы на ўласнае стаўленне да дыкпікаў, яна «заўсёды падтрымлівае жанчын, для якіх такая інфармацыя вельмі адчувальная і абразлівая».
— А калі ніякай прасторы для флірту ў мяне з мужчынам не было і ён даслаў мне такія здымкі, будучы зусім-зусім незнаёмым чалавекам, то я проста або блакую яго адразу, або пішу, каб больш ён такога не рабіў. Калі б я рабіла публічным кожны такі выпадак і называла імя кожнага чалавека, які дасылаў мне фота члена або рабіў нешта іншае недарэчнае, то, думаю, я б толькі гэтым і займалася. А я не хачу гэтым займацца, — прызналася суразмоўніца.
Як дадала Ментусава, у яе як у феміністкі ёсць прыярытэтныя тэмы, з якімі ёй падабаецца працаваць і ў якіх яна бачыць сэнс і каштоўнасць. Але «бясконца займацца тэмай чужых членаў і іх рассылкі» яна не плануе.
— Гэта важная тэма, але кожная актывістка і феміністка мае права выбіраць для фокуса тэмы, асабліва для яе актуальныя, — заўважыла Ментусава. — Дыкпікі ж мяне наогул «не бяруць». Мне няма ніякай справы да таго, што мне дасылаюць. Часам мяне нават больш закранаюць непрыемныя каментарыі ад жанчын, чым чужая мужчынская частка цела. Паглядзела — закрыла або заблакавала, ці, калі флірт быў, проста яго спыніла, таму што мне такое не падабаецца.