БЕЛ Ł РУС

175 тысяч беларусаў эмігравалі ці выехалі на працу ў ЕС у 2024-м. Найбольш у Польшчу, а Германію здагнала Іспанія

2.09.2025 / 11:49

Nashaniva.com

Еўрастат апублікаваў свежую статыстыку за 2024 год аб выдачы першасных дазволаў на пражыванне, піша Белсат. Новыя звесткі даюць падставы меркаваць, што ўсяго пасля 2020-га з Беларусі выехала ўжо больш за паўмільёна чалавек.

Дастаўшчык ежы з Варшавы на беларускім мітынгу, 9 жніўня 2025 года. Фота: Наша Ніва

Беларусы ў 2024 годзе атрымалі 174 790 першасных дазволаў на перабыванне ў краінах ЕС.

У статыстыцы Еўрастата «першасны дазвол на пражыванне» — гэта любы дакумент, выдадзены ўпершыню, які дае права жыць у краіне ЕС больш за тры месяцы запар. Гаворка ідзе не толькі аб класічных дазволаў на жыхарства (ДНЖ), але і аб нацыянальных доўгатэрміновых візах (тып D), уключаючы гуманітарныя, рабочыя, навучальныя і іншыя. У гэтыя звесткі не залічваюцца часовая абарона і кароткатэрміновыя візы да 90 дзён, а таксама падаўжэнне ВНЖ або замена ўжо выдадзеных дакументаў.

У якія краіны ЕС эмігруюць беларусы?

174 790 дазволаў — гэта на 106 713 менш, чым у 2023-м (281 503). Зніжэнне ў параўнанні з папярэднім годам склала 37,9%.

У 2024 годзе лідарам у прыёме грамадзянаў Беларусі застаецца Польшча: выдадзена 151 116 першасных дазволаў — гэта на 104 479 менш, чым у 2023 годзе (— 40,9 %). Другое месца ўпэўнена трымае Літва — 15 812 (— 362; — 2,2 %). За трэці радок ішла амаль роўная барацьба: Германія аформіла 1411 дазволаў (— 34,0 %), Іспанія — 1404 (+ 23,0 %).

Найбольшы прырост у 2024-м прыйшоўся на Іспанію (+ 263 да 2023 года, да 1404), прыкметна дадалі таксама Партугалія (+ 115, да 473) і Венгрыя (+ 58, да 328). У тэмпах росту лідзіруе менавіта Партугалія (+ 32,1 %), далей Іспанія (+ 23,0 %) і Венгрыя (+ 21,5 %).

Найбольшае падзенне ў абсалютных значэннях — у Польшчы (— 104 479, да 151 116); затым у Германіі (— 727, да 1411) і Італіі (— 403, да 442). Калі глядзець на тэмпы, самым глыбокім стала зніжэнне ў Італіі (— 47,7 %), затым у Польшчы (— 40,9 %) і Германіі (— 34,0 %).

Агулам размеркаванне вельмі канцэнтраванае: на першыя чатыры краіны (Польшча, Літва, Германія, Іспанія) прыпала больш за 97 % усіх першасных дазволаў, выдадзеных беларусам у Еўрасаюзе ў 2024 годзе.

З Беларусі эмігруюць працаздольныя

Беларусы складаюць прыкладна 63,8 % атрымальнікаў (111 577), беларускі — 36,2 % (63 172) першасных дазволаў віду на жыхарства.

У Польшчы сярод беларусаў у 2024 годзе прыкметна пераважаюць мужчыны: 94 313 супраць 56 800 жанчын (гэта 62,4 % і 37,6 % адпаведна; усе ўзросты разам). Падобная карціна і ў Літве: з 15 812 дазволаў 13 671 прыйшліся на мужчынаў (86,5 %) і 2141 — на жанчын (13,5 %).

У шэрагу краінаў, наадварот, часцей пераважаюць беларускі. У Нямеччыне з 1411 атрымальнікаў — 811 жанчын і 600 мужчынаў (57,5 % супраць 42,5 %). У Іспаніі з 1404 — 786 беларусак і 618 беларусаў (56,0 % і 44,0 %). У Італіі жаночая доля самая высокая сярод буйных кірункаў: 315 жанчын і 127 мужчынаў з 442 (каля 71 % супраць 29 %). Бліжэй да парытэту — Кіпр (306 жанчын і 245 мужчынаў з 551) і Партугалія (251 і 222 з 473). У Францыі: 218 беларусак супраць 125 беларусаў (разам 343).

Ёсць і краіны з устойлівай мужчынскай перавагай акрамя Польшчы і Літвы: у Латвіі з 432 дазволаў 302 атрымалі беларусы і 130 — беларускі (69,9 % супраць 30,1 %). У Нідэрландах баланс памяркоўны, але з невялікай перавагай жанчын: 204 супраць 185 мужчынаў (разам 389).

Аналіз узроставых паказчыкаў сведчыць, што з Беларусі ў Еўропу працягваюць зʼязджаць найперш працаздольныя. На долю групаў ва ўзросце 20—59 гадоў прыпадае 78,7 % (137 581 першых першасных дазволаў на пражыванне беларусам у 2024 годзе). Ядро патоку — беларусы 30—39 гадоў.

Дзецям ва ўзросце 0—19 гадоў выдалі 27 167 дазволаў (15,5 %), пенсіянерам старэйшым за 65 гадоў — 4066 дазволаў (2,3 % ад усіх атрымальнікаў).

У Польшчы пражывае найбольшая дыяспара самай апошняй хвалі беларускай эміграцыі

З якіх прычынаў з Беларусі выязджаюць у Еўропу

Еўрастат таксама падае дэталізацыю падставаў атрымання дазволу на пражыванне. Агулам у краінах ЕЗ карціна такая: на працу — 96 546 (55,2 %), «іншыя прычыны» — 66 037 (37,8 %), узʼяднанне з сямʼёй (сямейныя падставы) — 6755 (3,9 %), вучоба — 5452 (3,1 %). Пры гэтым структура прыкметна змяняецца ад краіны да краіны.

У Літве дамінуе працоўная міграцыя: з 15 812 дазволаў 13 548 выдадзеныя для працы (85,7 %), яшчэ 1282 — паводле сямейных падставаў, 462 — для вучобы, 520 — з іншых прычынаў. У Польшчы, наадварот, разам з буйным працоўным блокам (80 320; 53,2 %) надзвычай вялікая доля «іншых прычынаў» — 64 534 (42,7 %), сямейныя падставы — 2131 (1,4 %), вучоба — 4131 (2,7 %). Іншымі словамі, у двух галоўных кірунках для беларусаў — Літвы і Польшчы — «профіль» падставаў адрозніваецца: Літва — пераважна праца, Польшча — спалучэнне працы і «іншых прычынаў».

У Нямеччыне і Іспаніі пераважае ўзʼяднанне з сямʼёй. Нямеччына ў 2024 годзе аформіла для беларусаў 1411 дазволаў, з іх 782 — паводле сямейных падставаў (55,4 %), 329 — праца, 157 — вучоба, 143 — іншыя прычыны. У Іспаніі з 1404 дазволаў 707 прыпалі на сямейныя падставы (50,4 %), 398 — на працу, 176 — на вучобу, 123 — на іншыя.

У Кіпры і Партугаліі структура бліжэйшая да збалансаванай. Кіпр выдаў 551 дазвол, з іх 266 для працы (48,3 %) і 215 паводле сямейных падставаў (39,0 %), астатняе — іншыя прычыны і трохі вучобы. У Партугаліі з 473 дазволаў сямейныя падставы (181; 38,3 %) і праца (172; 36,4 %) амаль роўныя, «іншыя прычыны» — 96 (20,3 %), вучоба — 24 (5,1 %).

У Італіі лідаруюць сямейныя падставы: з 442 дазволаў 229 (51,8 %) выдадзеныя для ўзʼяднання з сямʼёй; далей іншыя прычыны — 112 (25,3 %), вучоба — 78 (17,6 %), а праца — толькі 23 (5,2 %). У Латвіі, наадварот, аснову складае праца (287 з 432; 66,4 %), тады як у Нідэрландах структура змяшаная — праца (180; 46,2 %), сямейныя падставы (120; 30,8 %), вучоба і іншыя прычыны займаюць меншыя долі. У Славаччыне прыкметныя праца (169; 44,9 %) і вучоба (111; 29,5 %), а сямейныя падставы — 92 (24,5 %).

Беларусы эмігруюць і ў Нарвегію

Еўрастат таксама прыводзіць звесткі ЕАСГ — Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, міжурадавай арганізацыі еўрапейскіх краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ. На гэты момант да ЕАСГ адносяцца Ісландыя, Нарвегія, Швейцарыя і Ліхтэнштэйн. У 2024 годзе колькасць першасных дазволаў на пражыванне грамадзянаў Беларусі ў гэтых краінах знізілася з 438 да 339 ( -22,6 %).

Колькі ўсяго ЕС выдаў першасных ДНЖ замежнікам

У 2024 годзе краіны Еўрасаюза выдалі замежнікам 3 505 906 першасных дазволаў на перабыванне. Гэта менш, чым у 2023 годзе (3 821 562), але больш, чым у 2022 (3 564 926).

Паводле звестак за 2024 год, змяніўся лідар у колькасці выдадзеных дазволаў: Іспанія — 561 640 (у 2023-м: 548 697) выйшла на першае месца; Нямеччына — 544 987 (у 2023-м: 662 888) апусцілася на другі радок; Польшча — 488 846 (у 2023-м: 642 789) заняла трэцяе месца.

Колькі беларусаў з'ехалі з краіны пасля 2020 года

Афіцыйная беларуская статыстыка не ўлічвае вялікай колькасці людзей, якія пакінулі краіну, а ацэнкі экспертаў адрозніваюцца.

Найбольш часта цытаваны калідор — 200—500 тысяч чалавек: менавіта такія лічбы называлі ПАРЕ і Freedom House.

Бліжэй да верхняй мяжы — ацэнкі Цэнтру новых ідэяў і сацыёлага Генадзя Коршунава: згодна з іх падлікамі, на аснове адкрытых звестак за 2020—2024 гады краіну пакінулі прыкладна 500—600 тысяч чалавек (каля 6—7 % насельніцтва). Нават афіцыйныя асобы ўскосна пацвярджаюць маштаб міграцыі: намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў казаў пра 350 тысяч тых, хто зʼехаў і не падтрымлівае рэжым да сярэдзіны 2023-га, а сам МУС раней згадваў пра больш як 200 тысяч тых, хто зʼехаў толькі за 2021—2022 гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула