БЕЛ Ł РУС

Як выглядалі беларускія селебрыціс на школьных лінейках сваіх дзяцей ФОТЫ

2.09.2025 / 12:52

Nashaniva.com

Учора беларускія спевакі, спартсмены і блогеры дзяліліся фотаздымкамі і відэа са школьных двароў.

Арцём Лук'яненка, Ксенія Жук і іх сын Мацей. Фота тут і далей: сацсеткі

Радаснымі фотаздымкамі першага школьнага дня свайго сына Мацея падзяліліся салісты гурта Naviband Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук. Яны запісалі агульнае відэа, у якім пажадалі дзецям імкнуцца да ведаў, цярплівасці і, як дадаў Мацей, які пайшоў у першы клас, «добра навучыцца».

Марына Арзамасава з сям'ёй

У бягухі Марыны Арзамасавай сёлета ў сям'і дзве школьніцы. Малодшая Наста пайшла ў першы клас, а старэйшая Саша ўжо ў дзясяты. «І радасна, і сумна, што так хутка растуць дзеткі», — напісала Марына ў інстаграме.

Ларыса Грыбалёва з дачкой і яе класнай кіраўніцай

Спявачка Ларыса Грыбалёва падзялілася відэа са святочнай лінейкі дачкі. Дзеці на відэа махаюць папяровымі сцяжкамі «Букет дабрыні» — гэта значыць, у класе вырашылі набыць адзін агульны букет для класнай кіраўніцы, а астатнія грошы (тыя, якія б кожная сям'я магла патраціць на кветкі асабіста ад сябе) перавялі на дабрачыннасць.

 Вольга Барабаншчыкава з дачкой

Першакласніца падрасла ў Вольгі Барабаншчыкавай. Вучыцца дзяўчынка будзе ў адной з нешматлікіх цяпер у Беларусі прыватных школ.

Марына Літвінчук з мужам і сынам

Алімпійская медалістка-байдарачніца Марына Літвінчук пахвалілася, што яе сын пайшоў у першы клас у Мазыры. 

Сям'я Аляксандра Глеба

Былы футбаліст Аляксандр Глеб разам з жонкай-блогеркай Святланай адвёў старэйшую дачку Сашу ў другі клас. Малодшая Арына яшчэ ходзіць у садок, але, як кажа мама, ва ўсім хоча быць падобнай да сястры — таму і ёй набылі аналагічны чорны сарафан ды белую блузку і нават заплечнік.

Алег Вераціла з жонкай Карынай і дзецьмі

Радавалася Дню ведаў і яшчэ адна футбольна-блогерская сям’я. Алег Вераціла разам з жонкай Карынай адвёў у школу дачку Вераніку. Карына жартавала, што прачнуцца лёгка а сёмай раніцы атрымалася толькі ў школьніцы.

Ірына Яблонская з мужам-доктарам і дачкой Зосяй

Знакамітая блогерка і дыетолаг Ірына Яблонская распавяла падпісчыкам, што яе дачка-першаклассніца прачнулася 1 верасня і разбудзіла бацькоў — бо пара ж у школу. Зося адкрывала святочную лінейку і спявала песню: «Праменьчык сонейка». Сама Ірына кажа, што найбольш складаным у жыцці маці першакласніцы ёй пакуль падаюцца раннія пад'ёмы.

Надзея Кахно з сынам Платонам

Першакласнікам сёлета стаў старэйшы сын шоўмена Дзмітрыя Кахно Платон — вучыцца хлопец будзе ў Маскве. Але ж на святочную лінейку яго павялі мама Надзея і малодшая сястра Аўрора — тата паляцеў на мерапрыемства ў Ніцу. Падпісчыкі пацікавіліся ў Дзмітрыя ў інстаграме, ці не сумуе ён, што прапусціў той самы «першы раз у першы клас». Шоўмен прызнаўся, што вельмі сумуе: «Але гэта таму, што я — балда. Забыўся, што з гэтага года 1 верасня ў нас — важны дзень. І, не падумаўшы, узяў праект».

Чытайце таксама:

Напярэдадні 1 верасня беларуска спрабавала зарабіць на шакаладках з цытатамі Лукашэнкі

«Выбар вялікі, але кветкі дарагія». Колькі каштуюць напярэдадні 1 верасня букеты на Камароўцы?

На лінейку ў «Мінск-Свеце» прыйшло столькі людзей, што бацькі стаялі за плотам. Але людзі абураны, што не ўсе класы паклікалі

Каментары да артыкула