У Расіі распрацавалі сістэму ананімнага адсочвання перамяшчэння людзей і аб'ектаў без біяметрыі
Тэхналогія заснавана на выкарыстанні спецыяльнай нябачнай фарбы, якая наносіцца на адзенне ці прадмет. Спецыяльныя камеры фіксуюць меткі і перадаюць звесткі для апрацоўкі.
Сістэма BPA Vision адсочвае перамяшчэнне з дапамогай меткі спецыяльнай фарбай. Фота: bpa.tech
Сёння маніторынг людзей у асноўным звязаны з выкарыстаннем біяметрыі — распазнавання твараў, адбіткаў пальцаў, голасу. Што тычыцца розных прадметаў, то выкарыстоўваюцца традыцыйныя штрых-коды ці QR-коды, што не заўсёды зручна.
Расійская кампанія BPA Technologies прапанавала новае рашэнне, якое дазваляе ананімна адсочваць перамяшчэнне як людзей, так і прадметаў. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная фарба-метка. Яна не бачная чалавечаму воку, але лёгка здымаецца спецыялізаванымі камерамі.
Хоць склад фарбы не раскрываецца, распрацоўшчыкі запэўніваюць, што яна бяспечная для чалавека і навакольнага асяроддзя, устойлівая да знешніх уздзеянняў і не сціраецца пры кантакце.
Камеры счытваюць метку, перадаюць даныя ў аналітычны модуль, дзе штучны інтэлект стварае лічбавы профіль перамяшчэнняў у рэальным часе.
Распрацоўшчыкі расказваюць, што іх сістэма можа быць карысная ў рознічным гандлі, лагістыцы, транспарце, на складах, у офісах і на прамысловых аб’ектах. Яна дапамагае ідэнтыфікаваць і маніторыць аб'екты (тэхніку, супрацоўнікаў і іншае), лічыць наведвальнікаў, кантраляваць загружанасць памяшканняў, пасажырапаток а таксама выяўляе нестандартныя сітуацыі — усё ў рэальным часе і без выкарыстання біяметрыі.
Як адзначаецца на сайце кампаніі, BPA Vision здольная ствараць дакладныя сцэнарыі ўзаемадзеяння з наведвальнікамі і з супрацоўнікамі, выяўляць заканамернасці і кіраваць бізнэс-працэсамі без парушэння канфідэнцыяльнасці. Метад эфектыўны там, дзе немагчыма ці непажадана выкарыстоўваць біяметрыю — напрыклад, у гандлёвых залах або офісных цэнтрах.
Прыклад працы сістэмы BPA Vision. Фота: bpa.tech
Эксперты звяртаюць увагу на тое, што новая сістэма не падпадае пад дзеянне расійскага закона аб біяметрыі, бо не збірае персанальных даных. Меткі — гэта толькі індывідуальныя нумары без прывязкі да імя ці індывідуальных звестак, таму тэхналогія фармальна законная.
Аднак юрысты і спецыялісты бачаць і слабасці: у сувязі з тым, што метка наносіцца на адзенне, яно можа быць перададзена іншай асобе, існуе рызыка яе расшыфроўкі і падробкі. Акрамя гэтага небяспеку ўяўляе ўцечка даных з баз, дзе можа захоўвацца сувязь паміж унікальным нумарам і імем канкрэтнага супрацоўніка. Таксама існуе небяспека, што працадаўца выкарыстае сістэму для кантролю за межамі працоўнага месца, што ўжо закранае асабістае жыццё.
Чытайце таксама:
У Беларусь прыходзіць тэхналогія разліку «тварам»
Камеры ў расійскім Пецярбургу наладзяць на распазнаванне этнасу