БЕЛ Ł РУС

У Гомельскім раёне 77-гадовы дачнік забіў 45-гадовага і закапаў каля сваёй хаты

2.09.2025 / 10:0

Nashaniva.com

Падчас п'янай сваркі пенсіянер нанёс знаёмаму не менш за 34 удары нажом, рукамі, нагамі і табурэтам. Мужчына памёр ад вострай страты крыві.

Здарэнне адбылося 6 красавіка 2025 года ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна. Паводле СК, 45-гадовы мужчына прыехаў на дачу і зайшоў у госці да 77-гадовага знаёмага з Гомеля. 

На дачы пенсіянера яны пілі. Падчас канфлікту, што ўзнік, 77-гадовы мужчына нанёс знаёмаму не менш за 34 удары нажом, рукамі, нагамі і табурэтам. Ад атрыманых траўм 45-гадовы мужчына памёр на месцы ад вострай страты крыві.

Падазраваны нікому не паведаміў пра здзейсненае і пайшоў начаваць да суседа. Раніцай ён вярнуўся, абгарнуў цела забітага ў брызент і схаваў за гаспадарчай пабудовай, затым прыбраў у хаце, узяў ягоны заплечнік і паехаў у Гомель.

Каб заблытаць сляды, пакінуў заплечнік у аўтобусе. На наступны дзень паведаміў сваякам, што ідзе ў паліклініку, але зноў накіраваўся на дачу, дзе выкапаў яму, перамясціў туды цела і замаскіраваў месца пахавання.

Праз некалькі дзён сваякі забітага пачалі хвалявацца з-за яго знікнення і звярнуліся ў міліцыю. Пошукава-выратавальны атрад «Сімуран» знайшоў схаваную магілу.

На месца прыбыла следча-аператыўная група, і цела мужчыны дасталі з зямлі.

77-гадоваму пенсіянеру прад’яўлена абвінавачанне паводле пункта 6 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (забойства з асаблівай жорсткасцю). Ён прызнаў віну і супрацоўнічаў са следствам. Мужчына не быў раней судзімы, але мае залежнасць ад алкаголю. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула