БЕЛ Ł РУС

Расія і Кітай дамовіліся аб будаўніцтве «Сілы Сібіры — 2». Гэта канчаткова пераарыентуе расійскі газ з Еўропы ў Азію

2.09.2025 / 9:36

Nashaniva.com

У Пекіне прадстаўнікі Расіі, Кітая і Манголіі падпісалі мемарандум аб будаўніцтве газаправода «Сіла Сібіры — 2». Гэты трубаправод дазволіць газавай кампаніі, якая з-за адмовы Еўропы ад расійскага трубаправоднага газу пасля пачатку вайны сутыкнулася з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі, давесці свае пастаўкі ў Кітай да прыблізна 100 млрд кубаметраў, піша «Агенцтва».

Аляксей Мілер. Фота: Mikhail Klimentyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Паводле слоў старшыні праўлення кампаніі Аляксея Мілера, мемарандум прадугледжвае будаўніцтва газаправода, а таксама транзітнага газаправода праз тэрыторыю Манголіі «Саюз Усход». «Гэты праект дазволіць пастаўляць з Расіі транзітам у Манголію 50 млрд кубаметраў газу ў год», — падкрэсліў ён.

Дамоўленасць, паводле яго слоў, разлічаная на 30 гадоў. Цана паставак па газаправодзе будзе ніжэйшая, чым для Еўропы, сказаў Мілер, дадаўшы, што разглядаць яе плануецца пазней.

Акрамя таго, «Газпрам» падпісаў з кітайскай кампаніяй CNPC дакументы аб павелічэнні паставак газу ў Кітай па «Сіле Сібіры» з 38 млн кубаметраў у год да 44 млн кубаметраў у год, паведаміў Мілер.

Праект «Сіла Сібіры — 2» дапаможа Маскве перанакіраваць у Азію частку газу, які раней прадаваўся ў Еўропу. Пасля яго ўводу ў эксплуатацыю Расія зможа пастаўляць у Кітай 98 млрд кубаметраў газу. Гэта прыблізна палова ад таго, што да вайны Расія пастаўляла ў Еўропу (больш за 200 млрд кубаметраў на піку).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула