Лукашэнка прапанаваў Кітаю будаваць у Беларусі цяпліцы
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Кітаю будаваць у Беларусі цяплічныя комплексы, а вырашчаную прадукцыю пастаўляць не толькі на ўнутраны рынак, але і за мяжу, у тым ліку ў сам Кітай. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы з прадстаўнікамі шэрагу кітайскіх кампаній у Пекіне, паведамляе БелТА.
Фота прэс-служба Лукашэнкі
Лукашэнка правёў асобную размову з кіраўніцтвам кампаніі «Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы» на чале са старшынёй праўлення Ванам Шаубо.
«Вельмі прыемная сустрэча не толькі таму, што я маю нейкае дачыненне да зямлі, але і таму, што, вывучыўшы вашыя магчымасці, вы для нас вельмі цікавыя. І нават нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка ў нас мае вельмі высокі ўзровень развіцця і многія прадукты харчавання мы пастаўляем у Кітай», — адзначыў Лукашэнка.
Ён расказаў, што гэтая кампанія ўжо не навічок на рынку Беларусі, супрацоўнічае са Светлагорскім ЦКК. У мінулым годзе паміж бакамі быў падпісаны кантракт на будаўніцтва цяпліцы 4-га пакалення для вырошчвання таматаў.
«Вы вельмі інтэнсіўна і актыўна супрацоўнічаеце з нашымі рэгіёнамі. У вас найноўшыя тэхналогіі, наколькі я валодаю сітуацыяй, па праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі цяплічных комплексаў. Таму мы вас чакаем у Беларусі. Землі і глебы, прыдатнай для цяпліц, у нас хапае. Калі вы выкарыстоўваеце штучнае арашэнне і падкормку раслін, мы трохі ўмеем гэта рабіць. Людзі, якія здольныя працаваць на гэтых комплексах, у Беларусі ёсць», — адзначыў Лукашэнка.