З аўкцыёну прадаюць калекцыю карцін Віктара Бабарыкі. У тым ліку творы Любіча і Зака
З малатка прадаюць 19 твораў мастацтва з калекцыі Віктара Бабарыкі на 344 тысячы рублёў. Аб'явы апублікаваны на сайце «БелЮрЗабеспячэння», заўважыла «Люстэрка».
Арыштаваныя карціны з калекцыі Віктара Бабарыкі, выстаўленыя на аўкцыён. Калаж з фота з сайта e-auction.by
Самыя танныя лоты — гэта пяць гравюр з выдання Old and New London — «Narrative of its History», «Is People and its Places» («Стары і Новы Лондан: апавяданне аб яго гісторыі, людзях і месцах») канца XIX стагоддзя. Пачатковы кошт продажу кожнай з іх 165 рублёў.
Самы дарагі лот — твор «Арлекін» беларуска-французска-польскага мастака Яўгена Зака. Яго выставілі па стартавым кошце 99 312 рублі.
«Арлекін» Яўгена Зака з калекцыі Віктара Бабарыкі, выстаўленай на аўкцыён. Фота: e-auction.by
Іншы твор гэтага ж аўтара «Букет кветак» прадаюць з малатка па цане ад 66 208 рублёў.
«Пейзаж» Міхаіла Кікоіна выстаўлены за 56 277 рублёў. Яго ж «Яблыні» - за 49 656.
Ёсць сярод арыштаваных карцін і праца мастака Парыжскай школы з Беларусі — Восіпа Любіча. Яго карціну «Тэатральная ложа», напісаную прыкладна ў 1925 годзе, з калекцыі Віктара Бабарыкі выставілі па кошце ад 19 862 рублі.
«Тэатральная ложа» Восіпа Любіча з арыштаванай калекцыі Віктара Бабарыкі. Фота: e-auction.by
Агульны пачатковы кошт усіх твораў мастацтва — каля 344 тысяч рублёў. Аднак калі знойдуцца жадаючыя іх набыць на аўкцыёне 8 кастрычніка, кошт продажу будзе вышэйшым.
Хутчэй за ўсё, гэтыя карціны з прыватнай калекцыі Бабарыкі. Нагадаем, дзякуючы экс-банкіру свая мастацкая калекцыя з'явілася ў Белгазпрамбанка. Натхніўшыся прыкладам замежных банкаў, ён у пачатку 2010-х пачаў збіраць работы мастакоў, звязаных з Беларуссю. Мэтай было вярнуць у краіну імёны, якіх няма ў музейных зборах, — ад Суціна і Шагала да менш вядомых аўтараў накшталт Бакста. Калекцыя вырасла з ідэі «вярнуць страчанае мастацтва» і стала буйным культурным праектам.
Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасць Віктара Бабарыкі, у тым ліку аўтамабіль і гадзіннік.
Зямельны ўчастак экс-банкіра — самы дарагі актыў, адабраны ў палітвязняў і выстаўлены на продаж. Калі браць апанентаў Лукашэнку ў цэлым, то даражэй прадалі толькі кватэру Валерыя Цапкалы — амаль за 400 тысяч рублёў.