Кім Чэн Ын выбраўся ў Пекін на браніраваным цягніку
Цягнік Кіма рухаецца з хуткасцю 60 км/г і мае рэпутацыю «рухомай крэпасці». Традыцыйна лідары Паўночнай Карэі аддаюць перавагу гэтаму віду транспарту з-за бяспекі і магчымасці перавозіць шматлікую світу, ахову і неабходныя рэсурсы.
Фота: KCNA
Лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын накіраваўся ў Кітай на сваім браніраваным цягніку, каб узяць удзел 3 верасня ў ваенным парадзе ў Пекіне з нагоды гадавіны капітуляцыі Японіі ў Другой сусветнай вайне, паведамляе The Guardian са спасылкай на паўночнакарэйскія дзяржаўныя СМІ
Паводле даных паўночнакарэйскай дзяржаўнай газеты Rodong Sinmun, Кім выехаў з Пхеньяна ў панядзелак і ў аўторак раніцай перасёк мяжу з Кітаем.
Як адзначае паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap, бронецягнік Кіма рухаецца з хуткасцю ўсяго толькі 60 км/г і мае рэпутацыю «рухомай крэпасці». Традыцыйна лідары Паўночнай Карэі аддаюць перавагу гэтаму віду транспарту з-за бяспекі і магчымасці перавозіць шматлікую світу, ахову і неабходныя рэсурсы.
Фота KCNA
Унутры цягніка абсталяваны перагаворныя пакоі, спальныя памяшканні, кабінет з драўлянымі панэлямі і скуранымі крэсламі.
У сераду паўночнакарэйскі дыктатар разам з кітайскім кіраўніком Сі Цзіньпінам і правіцелем Расіі Уладзімірам Пуціным будуць назіраць за маштабным ваенным парадам у Пекіне. Павінен прысутнічаць на парадзе і Аляксандр Лукашэнка.
Гэта будзе першы раз, калі Кім, Сі і Пуцін, усе ключавыя супернікі ЗША, збяруцца на адной пляцоўцы,адзначае выданне.
«У апошнія гады знешняя палітыка Пхеньяна была сканцэнтравана на Маскве, якой КНДР пастаўляла вайскоўцаў і боепрыпасы для падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны ў абмен на вайсковую і эканамічную дапамогу. Натуральна, адносіны з Кітаем сапсаваліся ў нядаўнім мінулым, аднак эксперты кажуць, што цяперашні візіт можа стаць спробай Кіма аднавіць сувязі з галоўным гандлёвым партнёрам і донарам Паўночнай Карэі».