БЕЛ Ł РУС

У Мінску на «Дынама» разыграюць 20 ровараў

2.09.2025 / 8:33

Nashaniva.com

На мінскім стадыёне «Дынама» ў нядзелю 7 верасня з 9:00 да 17:00 адбудзецца закрыццё летняга сезона праекта «Спорт для ўсіх». Гасцям прапануюць падарожжа «Вакол спорту за адзін дзень», паведамляе «Беларусь і свет».

Ілюстрацыйнае фота

Тэматычныя зоны — «Афрыка», «Лацінская Амерыка», «Еўропа», «Азія» — распавядуць пра цікавыя факты з кожнага рэгіёна і стануць месцам трэніровак на любы густ: ад бачаты і кросфіту да пінг-понгу і стык-року (новага кірунку сярод актыўнасцяў).

У лакацыі «Двор» можна будзе згадаць гульні дзяцінства з 80-х, а ў распараджэнні юных наведвальнікаў будзе дзіцячая пляцоўка з аквагрымам, размалёўкамі і горкай.

На галоўнай сцэне запланаваны зарадкі, танцавальныя сэты, конкурсы і віктарыны. Хэдлайнерам стане гімнастка, чэмпіёнка свету і Еўропы Кацярына Галкіна.

А 12:00 яна правядзе аўтарскую трэніроўку «Чатыры стыхіі ў мастацкай гімнастыцы», якая ўключае размінку, працу ў парах і расцяжку.

А ў 16:15 усіх чакае кульмінацыя свята: розыгрыш 20 ровараў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Гэтым фестывалем «Спорт для ўсіх» падвядзе вынікі сезона. Па выхадных з чэрвеня па верасень на 5 пляцоўках праходзілі бясплатныя заняткі — па фітнесе, пінг-понгу, бадмінтоне, валейболе, дартсе, шашках, шахматах. Іх адбылося больш за 220. У праект былі ўцягнутыя 150 трэнераў і 20 тысяч чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула