БЕЛ Ł РУС

Расія ўдарыла па некалькіх абласцях Украіны. Ёсць загінулы і параненыя

2.09.2025 / 7:32

Nashaniva.com

На месцы траплянняў узніклі пажары.

Фота: Кіеўская абласная вайсковая адміністрацыя

У ноч на 2 верасня расіяне ўдарылі дронамі па Белацаркоўскай грамадзе на Кіеўшчыне, у выніку чаго загінула адна асоба, ёсць параненыя. Таксама ўдар быў нанесены па Сумах. Пра гэта паведаміў сакратар Белацаркоўскай гарадской рады Уладзімір Ваўкатруб, піша «УНІАН».

«На жаль, ёсць пацярпелыя і вядома пра аднаго загінулага», — паведаміў сакратар гаррады.

Як дадаў начальнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Мікалай Калашнік, цела мужчыны было знойдзена падчас ліквідацыі пажару ў гаражным кааператыве.

Акрамя гэтага, расіяне ўдарылі па Сумах. У горадзе ўзнік маштабны пажар.

У прыватнасці, як паведаміў кіраўнік Сумскай АВА Алег Рыгораў, ударныя дроны трапілі па нежылых будынках у Зарэчным раёне горада.

Мэр Сум Арцём Кабзар дадаў, што два выбухі, якія чулі мясцовыя жыхары, — гэта траплянні варожага БпЛА ў нежылое памяшканне.

«На жаль, ёсць параненыя людзі», — адзначыў ён.

Як дадаў кіраўнік Сумскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Крывашэенка, ёсць пацярпелыя, якія звярнуліся па амбулаторную дапамогу, сярод іх — дзіця.

Акрамя таго, расійская армія зноў атакавала прыпортную інфраструктуру Ізмаільскага раёна Адэскай вобласці, паведаміла мясцовая раённая адміністрацыя.

«Дзякуючы своечасоваму рэагаванню на пагрозу, удалося прадухіліць значныя разбурэнні і чалавечыя ахвяры», — гаворыцца ў паведамленні.

У райадміністрацыі ўдакладнілі, што на месцы ўзніклі пажары, якія былі аператыўна ліквідаваны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула