БЕЛ Ł РУС

«Украіна ў НАТА — гэта дарога да грамадзянскай вайны». У Расіі раптам дасталі з шафы Януковіча — каб ён пахваліў Пуціна

1.09.2025 / 16:19

Nashaniva.com

Расійскае дзяржагенцтва раптоўна вярнула ў інфармацыйнае поле збеглага былога прэзідэнта Украіны. Для таго, каб ён пацвердзіў словы Пуціна.

Віктар Януковіч. Скрыншот відэа

Віктар Януковіч пасля ўцёкаў у Расію ў 2014 годзе рэдка з'яўляўся ў інфармацыйным полі. Мінулы раз ён выступаў з каментаром пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. Тады Януковіч фактычна заклікаў украінскае кіраўніцтва да капітуляцыі.

Тады ж экс-прэзідэнт Украіны прылятаў у Беларусь. The Washington Post пісала, што Крэмль разглядаў варыянт вярнуць Януковіча да ўлады пасля захопу Кіева. 

У траўні 2024 года самалёт, якім карыстаецца Януковіч, зноў прылятаў у Беларусь акурат у той момант, калі з візітам у Мінску быў Уладзімір Пуцін. 

Увесь гэты час Януковіч маўчаў. Але сёння яго раптам выцягнулі з шафы. Відэакаментар экс-прэзідэнта Украіны апублікавала расійскае дзяржагенцтва РІА «Новости». У ім ён заявіў: Пуцін мае рацыю ў тым, што прычынай нападу Расіі стала імкненне Украіны ў НАТА.

«Я заўсёды быў катэгарычным і перакананым праціўнікам уступлення Украіны ў НАТА. Я заўсёды ясна і дакладна разумеў, што гэта катастрофа для Украіны. Гэта шлях у нікуды. Гэта прамая дарога да грамадзянскай вайны», — сказаў Януковіч.

Ён таксама заявіў, што заўсёды быў прыхільнікам еўраінтэграцыі Украіны. Але абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў у фанабэрыстасці.

«Уладзімір Уладзіміравіч цалкам мае рацыю. На самай справе, я мэтанакіравана працаваў па збліжэнні Украіны з Еўрапейскім Саюзам, ставіў у канчатковым выніку задачу ўступлення Украіны ў Еўрапейскі Саюз. Іншая рэч, што партнёры з боку ЕС паводзілі сябе падчас перамоў часам, мякка кажучы, некарэктна: не праяўлялі разумення складанасці эканамічнай сітуацыі ў Украіне. Наўпрост скажу — фанабэрыстасць праяўлялі», — адзначыў Януковіч.

У красавіку ўкраінскі суд завочна асудзіў збеглага былога прэзідэнта Януковіча да 15 гадоў калоніі па справе аб незаконным перасячэнні мяжы і падбухторванні да дэзерцірства.

Чытайце таксама:

У Львове забілі экс-старшыню Вярхоўнай Рады і каменданта Майдану Андрэя Парубія

СБУ ўкараніла свайго агента ў маскоўскі офіс паплечніка Януковіча, які займаўся шпіянажам для ФСБ

Трох былых міністраў абароны Украіны падазраюць у дзяржаўнай здрадзе

Акадэмікам Расійскай акадэміі навук абралі «кравасісю» часоў Януковіча 

Каментары да артыкула