БЕЛ Ł РУС

На лінейку ў «Мінск-Свеце» прыйшло столькі людзей, што бацькі стаялі за плотам. Але людзі абураны, што не ўсе класы паклікалі

1.09.2025 / 15:30

Nashaniva.com

Хтосьці з бацькоў паскардзіўся, што многія дзеці засталіся без свята.

Скрыншот відэа: «Мінск. Галоўнае»

Лінейка ў гонар 1 верасня ў 226-й школе ў «Мінск-Свеце» выклікала сапраўдны ажыятаж. Людзей было столькі, што бацькам давялося стаяць за плотам. 

Высветлілася, што людзей у тэорыі магло быць яшчэ больш. Але лінейку арганізавалі не для ўсіх. Як расказала «Анлайнеру» маці трэцякласніка, у свяце ўдзельнічалі толькі першыя, дзявятыя і адзінаццатыя класы. Астатнія сціпла адзначылі 1 верасня ўнутры школы.

«У мінулы чацвер на бацькоўскім сходзе абвясцілі, што лінейка будзе ў панядзелак перад першым урокам (у нас другая змена, якая пачынаецца з 14:00). А ў пятніцу класная напісала, што лінейкі не будзе.

У агульным бацькоўскім чаце 226-й школы напісалі, што лінеек не будзе ні ў каго, акрамя 1-х, 9-х і 11-х класаў. У чаце многія бацькі абурыліся. Пару [чалавек] напісалі, што школа перагружана, таму і адмянілі», — расказала жанчына. Мяркуючы па ўсім, кіраўніцтва школы не схлусіла — яна сапраўды перагружана.

У выніку дзецям сказалі прыйсці 1 верасня крыху раней. Ад усяго класа настаўніцы быў падрыхтаваны букет, некаторыя мамы і таты вырашылі падарыць кветкі і ад сябе. 

«Класная крыху ўпрыгожыць клас, павіншуе дзяцей з 1 верасня. Потым будзе ўрок, абед у сталовай, а далей дзеці разам з класнай пойдуць святкаваць па-за школай, бо прыносіць салодкасці, піцу і іншае і ладзіць салодкі стол у школе забаранілі», — падзялілася маці вучня.

Яна прывяла ў прыклад леташнюю лінейку ў школе Мінскага раёна, дзе вучыцца дзіця сваякоў. Там, па словах жанчыны, былі «і роставыя лялькі, і аніматары, і маштабна ўпрыгожаная школа».

«А ў нас у новай школе сталіцы — усё па мінімуму. Я разумею, што школа перагружана, ды і пляц перад будынкам вельмі маленькі. Але ж ёсць актавая зала, стадыён і спартыўныя залы. Проста для гэтага трэба вялікае жаданне, лягчэй узяць і адмяніць.

А потым у дзяцей і няма яркіх эмоцый, звязаных са школай, вучоба і ўсё. Чаму дзеці павінны пакутаваць, ім жа так хочацца весялосці і свята, асабліва ў пачатковай школе. Хацелася б, каб у дзетак быў святочны настрой, нягледзячы на ўсе абставіны і праблемы», — адзначыла жанчына.

226-я школа адкрылася ў 2022 годзе. Яна разлічана на 1000 вучняў. Сёння ж у «Мінск-Свеце» адкрылі яшчэ адну школу, 227-ю. У яе будзе чыгуначны ўхіл.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула