БЕЛ Ł РУС

Вы не паверыце, з дапамогай чаго ў ЗША адганяюць ваўкоў ад статкаў

2.09.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Амерыканскія вучоныя-біёлагі знайшлі нечаканы спосаб трымаць ваўкоў далей ад статкаў. Замест электраагароджаў і вартаўнічых сабак у небе запускаюць дроны, якія гучна прайграюць рок-музыку і дыялогі з галівудскіх фільмаў. Музыка якога гурта найбольш эфектыўная?

Шэрыя ваўкі. Фота: Naturfoto Honal / Getty Images

Шэрыя ваўкі з'яўляюцца праблемай не толькі для Беларусі, але і для ЗША. Як піша The Associated Press, гэтыя драпежнікі былі амаль цалкам знішчаны на захадзе краіны яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Аднаўленне папуляцыі адбылося некалькі дзесяцігоддзяў назад, і тое, што для эколагаў стала вялікім поспехам, для фермераў ператварылася ў галаўны боль і эканамічныя страты. Шэры воўк паспяхова палюе на хатніх жывёл.

У пошуках абароны ад драпежніка фермеры выпрабавалі розныя сродкі — электраагароджы, вартавых сабак, конныя патрулі, адлоў і перамяшчэнне. Але ўсё гэта паказала нізкую эфектыўнасць. У некаторых штатах пайшлі яшчэ далей дазволіўшы адстрэл ваўкоў.

Фермеры атрымліваюць кампенсацыю, калі могуць даказаць, што воўк забіў іх жывёлу. Але ёсць і некампенсаваныя выдаткі — напалоханыя каровы горш размнажаюцца, мяса становіцца больш жорсткім.

Музыка супраць драпежнікаў

Каб пазбегнуць пашырэння крывавага сцэнару, біёлагі з Службы інспекцыі здароўя жывёл і раслін Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША прапанавалі іншы падыход: выкарыстоўваць дроны з дынамікамі і цеплавізарамі.

Папярэдняе даследаванне, апублікаванае ў 2022 годзе, паказала, што выкарыстанне гукаў чалавечых галасоў праз гучнагаварыцель, усталяваны на беспілотніку, можа напалохаць драпежнікаў.

Уначы, калі ваўкі асабліва актыўныя, апараты не толькі сочаць за статкамі, але і распаўсюджваюць гукі, якія палохаюць драпежнікаў. Асабліва моцны эфект маюць песні гурта AC/DC, у тым ліку знакамітая Thunderstruck.

У арсенале таксама цяжкі метал ад Five Finger Death Punch, гукі стрэлаў, феерверкаў і нават дыялогі з фільма «Шлюбная гісторыя» (Marriage Story). Скарлет Ёхансан у крытычным моманце крычыць: «I am not putting up with this anymore!» (Я не збіраюся больш з гэтым мірыцца!) — і ваўкі разбягаюцца.

«На самай справе яны лёгка палохаюцца ўсяго новага і незнаёмага», — тлумачыць Амарок Вайс з Цэнтра біяразнастайнасці.

Цана і перспектывы

Фермеры таксама заўважылі вынік. Праўда, яны выказваюць засцярогі, што ваўкі з цягам часу зразумеюць, што дроны не могуць ім нашкодзіць. Аднак экалагічныя актывісты аптымістычна настроены наконт беспілотнікаў, бо яны дазваляюць палохаць ваўкоў рознымі спосабамі і ў розных месцах.

У новай тэхналогіі ёсць істотны мінус. Адзін дрон з цеплавізарам і гучнагаварыцелем каштуе каля 20 тысяч даляраў, патрабуе падрыхтаваных пілотаў і працуе горш у лясістай мясцовасці. Для многіх невялікіх гаспадарак гэта проста занадта дорага.

Тым не менш у Службе інспекцыі здароўя жывёл і раслін лічаць, што дроны могуць стаць важнай альтэрнатывай масаваму адстрэлу ваўкоў. Калі кошт знізіцца, фермеры змогуць шырэй іх выкарыстоўваць.

«Пакуль гэта эксперымент, але ён ужо паказвае вынік», — кажа супрацоўнік Службы інспекцыі здароўя жывёл і раслін Пол Вульф і згадвае адзін з выпадкаў: воўк спачатку толькі з цікавасцю назіраў за дронам, пакуль пілот не звярнуўся да яго праз дынамік: «Гэй, воўк, прэч адсюль!». Пасля гэтага драпежнік адразу кінуў жывёлу і ўцёк.

Чытайце таксама:

Ваўкі загрызлі любімага поні кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен

З'явілася ВІДЭА, як у Налібоцкай пушчы сям'я ваўкоў ратуе ваўчанят ад мядзведзя

Ва Ушачах каля людскіх дамоў заўважылі ваўка з абадраным хвастом

Каментары да артыкула