БЕЛ Ł РУС

Будоўлю моднага ЖК побач з метро прыпынілі. У чым рэч?

1.09.2025 / 14:22

Nashaniva.com

З сайта забудоўшчыка знікла ўся інфармацыя пра цэны і колькасць прададзеных кватэр.

У канцы мінулага года «Мінскбуд» пачаў будаўніцтва элітнага жылога комплекса на скрыжаванні сталічных вуліц Захарава і Андрэеўскай. У гэтым раёне, дзе раней сялілася партыйная эліта, пачалі ўзводзіць ЖК «Андрэеўскі». Кватэры ў першых дамах з моднай архітэктурай прапаноўвалі па цэнах вышэй за сярэднія (і іх куплялі). Аднак сёння дзяржаўны забудоўшчык нечакана паведаміў пра прыпыненне будаўніцтва, піша Realt.

Гаворка ідзе пра былую вытворчую пляцоўку «Мінскдрэва» на скрыжаванні вуліц Захарава і Андрэеўскай — недалёка ад станцыі метро «Пралетарская». Год таму тут знеслі 11 старых пабудоў, і на месцы вытворчых карпусоў пачалі ўзводзіць два першыя дамы новага квартала.

Кватэры ў комплексе прадавалі партыямі. Напрыклад, у чэрвені тут прапаноўвалі адна– і двухпакаёўкі па цане 2210—2300 долараў за квадратны метр. Аднак сёння прыйшла навіна: на сайце «Мінскбуда» з'явілася паведамленне пра прыпыненне будаўніцтва з-за выяўленых недахопаў у праектнай дакументацыі.

 «У парадку інфармавання ўдзельнікаў долевага будаўніцтва аб'ектаў будаўніцтва «Жылая забудова ў раёне скрыжавання вул. Захарава і вул. Андрэеўскай. Жылы дом №1 і жылы дом №2 ГПА «Мінскбуд» паведамляе пра прыпыненне будаўніцтва з 11.06.2025 у сувязі з выяўленнем недахопаў праектнай дакументацыі. Аб аднаўленні будаўніцтва ўдзельнікі долевага будаўніцтва будуць праінфармаваны дадаткова».

Цяпер з сайта забудоўшчыка знікла ўся інфармацыя пра цэны і колькасць прададзеных кватэр.

Увесь ЖК «Андрэеўскі» паводле плана будзе складацца з пяці шматпавярховікаў агульнай плошчай у 30 тысяч квадратаў.

Новабудоўлі запраектаваны са складанымі сілуэтамі і ламанымі схіламі дахаў. Завяршыць першыя дамы планавалася ў 2026 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула