БЕЛ Ł РУС

Урсула фон дэр Ляен на беларускай мяжы: Калі выпрабоўваюць Літву, выпрабоўваюць усю Еўропу, мы дапаможам

1.09.2025 / 13:45

Nashaniva.com

На мяжы з Беларуссю старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Еўропа стаіць разам з Літвой і іншымі краінамі ЕС, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю. Па яе словах, калі варожыя краіны правяраюць сістэму аховы літоўскай мяжы, то выпрабоўваецца і бяспека ўсёй Еўропы, паведамляе LRT.

Скрыншот відэа з фэйсбука прэзідэнта Літвы 

«Сёння Еўропа стаіць разам з Літвой як з прымежнай дзяржавай: вы сутыкаецеся з Расіяй у Калінінградзе, вы сутыкаецеся з Беларуссю на мяжы, вы перажываеце геапалітычныя і эканамічныя выклікі, сутыкаецеся з пастаяннымі ваеннымі і гібрыднымі пагрозамі», — сказала У. фон дэр Ляен у панядзелак на прэс‑канферэнцыі ў Медніках.

«Я чуліа што ў мінулым месяцы два дроны перасеклі літоўска‑беларускую мяжу. Дазвольце вас запэўніць: калі выпрабоўваюць Літву, выпрабоўваюць і ўсю Еўропу. Мы разам з вамі ўсімі магчымымі спосабамі», — падкрэсліла яна.

Глава ЕК паўтарыла паведамленне, зробленае ў нядзелю ў Польшчы, што ў новым доўгатэрміновым бюджэце Еўрапейскага саюза (ЕС) для дзяржаў‑членаў, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, будзе прадугледжана дадатковае фінансаванне.

«У доўгатэрміновай перспектыве еўрапейскага бюджэту мы прапанавалі ўтрая павялічыць расходы на міграцыю і ахову межаў — на гэтым робіцца сур’ёзны акцэнт. Мы хочам, каб краіны, што непасрэдна мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, атрымалі дадатковыя сродкі», — заявіла У. фон дэр Ляен, падкрэсліўшы, што ахова еўрапейскіх межаў — гэта адказнасць усіх краін ЕС.

Хоць будучы бюджэт ЕС і вылучэнне ў ім сродкаў для прымежных дзяржаў застаюцца прадметам перамоў, старшыня ЕК адзначыла, што Саюз ужо істотна дапамог Літве ў ахове мяжы. У. фон дэр Ляен нагадала, што ЕС удзельнічаў у фінансаванні сістэм назірання на мяжы, выдзяляў сродкі для рэалізацыі візычнай і міграцыйнай палітыкі. Тым не менш, палітык прызнала, што дзейнічаць трэба і зараз.

У сваю чаргу прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што візіт старшыні Еўракамісіі ў Літву — гэта ясны сігнал еўрапейскай салідарнасці, які дэманструе рашучасць усяго Саюза ўмацоўваць знешнія межы і прадухіляць магчымыя пагрозы.

«Вашая прысутнасць тут — гэта моцны сігнал еўрапейскай салідарнасці. Гэта паказвае, што бяспека Літвы — гэта бяспека ўсяго Еўрапейскага саюза (…). Сённяшняя сустрэча дэманструе нашу агульную рашучасць абараніць усходнюю мяжу ЕС і павысіць устойлівасць усёй Еўропы», — звярнуўся прэзідэнт да старшыні ЕК на прэс‑канферэнцыі.

«Літва разам з Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй і Польшчай знаходзіцца ў авангардзе гэтых намаганняў. Наша задача па прадухіленні пагроз, умацаванні ўстойлівасці і абароне знешніх межаў двойная: яна патрабуе як тэрміновых, так і доўгатэрміновых дзеянняў», — сказаў Г. Науседа.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на два зафіксаваныя гэтым летам выпадкі, калі ў Літву з боку Беларусі ўляцелі беспілотныя лятальныя апараты. Па яго словах, у будучыні, каб забяспечыць бяспеку насельніцтва, Літва павінна быць здольнай не толькі своечасова выяўляць такія беспілотнікі, але і збіваць іх.

«Літва разумее, што сучасная сітуацыя вельмі небяспечная, вельмі далікатная, і мы павінны мець магчымасць выяўляць невядомыя беспілотныя лятальныя апараты, якія час ад часу перасякаюць нашу мяжу, і пры неабходнасці збіваць іх», — падкрэсліў Г. Наўседа.

«Гэта — гарантыя бяспекі нашых грамадзян, і мы ставімся да гэтага вельмі сур’ёзна», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула