Як турбіны ветракоў пераробліваюць у модныя дамы ФОТЫ
Што рабіць з ветравымі турбінамі пасля таго, як яны адпрацуюць свае 20—25 гадоў? Пакуль лопасці і корпус цяжка паддаюцца перапрацоўцы, архітэктары прапануюць нечаканае рашэнне — ператвараць іх у дамы, дзіцячыя пляцоўкі і нават шумавыя бар’еры.
Дом Nestle зроблены са старого корпуса турбіны ветрагенератара. Фота: blade-made.com
Ветраэнергетыка сёння — адзін з ключавых напрамкаў аднаўляльнай энергетыкі. Паводле Міжнароднага энергетычнага агенцтва, доля ветракоў у вытворчасці электрычнасці вырасце з цяперашніх 8% да 14% у 2030 годзе. Але разам з ростам узнікае і новая праблема: што рабіць з турбінамі, якія адслужылі сваё? Аб гэтым піша CNN Style.
Тэрмін эксплуатацыі ветрагенератараў складае ў сярэднім 20—25 гадоў. Каля 90% канструкцыі можна перапрацаваць, але лопасці і корпус турбіны (капсула, у якой размешчаны ўсе асноўныя элементы, што вырабляюць электрычнасць: генератар, рэдуктар, прывадны вал і тармазная сістэма) звычайна нельга перапрацаваць з-за іх складанай канструкцыі і высокага ўтрымання шкловалакна.
Спісаныя лопасці ветравых турбін. Фота: Brandon Bell / Getty Images
Як тлумачыць інжынер Джасцін Басон з Тэхнічнага ўніверсітэта Даніі, лопасць цяжка перапрацаваць, бо сам матэрыял амаль не паддаецца апрацоўцы, а канструкцыя зроблена суцэльнай. Гэта не як бытавая тэхніка, дзе можна разабраць усё на дэталі і выкарыстаць нанова: лопасць — гэта адна вялікая маналітная частка.
Маштаб праблемы расце. Паводле ацэнак, толькі ў ЗША да 2050 года можа назбірацца больш за 2,2 мільёна тон такіх адходаў. У Еўропе ж многія краіны ўжо забаранілі вываз дэталяў турбін на палігоны.
Пошукі рашэнняў
На праблему адрэагавалі і ўлады, і вытворцы. У ЗША Міністэрства энергетыкі інвеставала 5,1 мільёна даляраў у даследаванні па стварэнні новых тэхналогій перапрацоўкі.
Кампанія Siemens Gamesa распрацавала «першыя ў свеце» лопасці, якія паддаюцца перапрацоўцы. Яны выраблены з адмысловай смалы, што дазваляе ў канцы тэрміну службы аддзяляць матэрыялы і выкарыстоўваць іх нанова.
Аднак пакуль гэтыя тэхналогіі не атрымалі шырокага распаўсюджання, найбольш даступным і эфектыўным выглядае перапрафіляванне — наданне старым канструкцыям новага прызначэння.
Дзіцячая пляцоўка з лопасцей ветрака. Фота: superuse-studios.com
Адным з піянераў напрамку паўторнага выкарыстання лопасцей і корпусоў турбін стала галандская архітэктурная студыя Superuse Studios.
Яшчэ ў 2008 годзе яе супрацоўнікі ператварылі пяць спісаных лопасцей у дзіцячую пляцоўку. З таго часу каманда рэалізавала праекты па ператварэнні элементаў былых ветракоў у лаўкі, прыпынкі, вулічныя скульптуры.
Некалькі гадоў назад з мэтай вываду сваіх ідэй на рынак студыя заснавала кампанію Blade-Made.
Дом Nestle
Самы амбіцыйны праект Blade-Made — гэта мікрадом Nestle, зроблены з 20-гадовага корпуса турбіны V80 магутнасцю 2 МВт.
Дом Nestle. Фота: blade-made.com
Назва Nestle — гульня слоў ад «nacelle» (машынны блок ветрака, капсула з рухавіком), і яна адлюстроўвае паходжанне дому.
Звонку дом мае крэмавы металічны корпус, чатыры сонечныя панэлі на даху і акуратнае акенца-люк. Па форме ён падобны да падоўжанага вагончыка. Унутры — светлы і прасторны інтэр’ер плошчай 35 м², шкляныя дзверы і вокны з абодвух бакоў напаўняюць памяшканне святлом.
Дом Nestle. Скрын відэа: coolideas3272 / YouTube
Nestle стаў першым выпадкам у свеце, калі машынны блок ператварылі ў жыллё. Праект адпавядае галандскім будаўнічым нормам.
Па словах сузаснавальніка Blade-Made Ёса дэ Крыгера, «гэта самае складанае, што можна было зрабіць з корпусам турбіны».
Дом Nestle. Фота: blade-made.com
Новыя напрамкі
Сярод новых рашэнняў Blade-Made — выкарыстанне лопасцяў ветракоў у якасці шумавых бар’ераў на аўтамагістралях. Замест таго, каб разразаць іх на часткі, выкарыстоўваюцца цэлыя 37-метровыя канструкцыі вагой больш за 6,1 тоны.
Па словах дэ Крыгера, звычайныя бетонныя бар’еры патрабуюць падмуркаў кожныя 6—10 метраў, у той час як Blade Barrier абыходзіцца падтрымкай раз на 25 метраў. Гэта дазваляе скараціць выкіды CO₂ і выкарыстанне матэрыялаў. Першы прататып ужо праходзіць выпрабаванні.
Для таго, каб палегчыць перапрацоўку і паўторнае выкарыстанне турбінных дэталяў, у ветраіндустрыі ўзнікае канцэпцыя так званых «пашпартоў матэрыялаў» — дакументаў, якія адсочваюць усе матэрыялы, што выкарыстоўваюцца ў прадукце на працягу ўсяго яго жыццёвага цыклу.
Але на практыцы вытворцы турбін часта неахвотна дзеляцца інфармацыяй пра канструкцыю лопасцяў, нават калі гаворка ідзе пра даўно састарэлыя мадэлі.
Дэ Крыгер адзначае, што недахоп празрыстасці з боку вытворцаў застаецца адной з найбуйнейшых праблем яго каманды. Ён параўноўвае перапрафіляванне з рамонтам старога дому: разбіваеш сцяну — і знаходзіш тое, чаго не чакаў.
Што ж тычыцца дамоў Nestle, то яны ўжо атрымалі вялікі водгук і цікавасць публікі. Цяпер каманда Blade-Made рыхтуецца выпусціць першую серыю з дзесяці мікрадамоў, каб аптымізаваць тэхналогію і зрабіць яе прыдатнай для рынку.
Чытайце таксама:
У Фінляндыі запусцілі найбуйнейшую ў свеце пясчаную батарэю. Як гэта працуе?
Гэтыя электрастанцыі прыводзяцца ў дзеянне за сто секунд
Ці змогуць акіянскія хвалі стаць для чалавецтва невычэрпнай крыніцай энергіі?