БЕЛ Ł РУС

«Дапамажыце — дах». Магілёвец з інваліднасцю, дом якога пацярпеў ад буры, павесіў на хату абвестку з просьбай пра дапамогу

1.09.2025 / 12:58

Nashaniva.com

Жыхар Магілёва Генадзь Зайцаў два месяцы марна спрабуе ліквідаваць наступствы ліпеньскага ўрагану. Стыхія сур’ёзна пашкодзіла дах дома, рэакцыі з боку гарадскіх службаў не было, а сам рады ён не дае: мужчына адзінокі, перажыў анкалогію. Мужчына павесіў просьбу пра дапамогу на дах і спадзяецца на неабыякавых людзей, піша «МогилевОнлайн».

Дом і ўчастак Генадзя Зайцава, які пражывае па адрасе Грышына, 49, прыкметна пацярпелі ад стыхіі. Частку плота знеслі паваленыя дрэвы, якія і зараз ляжаць у двары, а моцны вецер пашкодзіў дах дома. Цяпер у ім вялікія дзіры. Птушкі аблюбавалі трухлявы дах і пачалі пад ім гнездавацца.

Генадзь, якому 55 гадоў, перанёс анкалогію, мае інваліднасць ІІІ групы і жыве адзін на невялікую дапамогу. Грошай на рамонт у яго няма, бацькі даўно памерлі.

Мужчына распавёў, што звяртаўся ва ўсе магчымыя службы: у ЖЭУ №15 і №20, дзе яму паведамілі, што дом не ў іх вядзенні, а таксама ў прафсаюз «Трансмаша», дзе ён раней працаваў. Але дапамогі не атрымаў нідзе. 

Генадзь сумленна аплачвае камунальныя паслугі, захоўваючы ўсе квітанцыі, і стараецца падтрымліваць дом у парадку. Аднак без грошай купіць матэрыялы немагчыма. Адна з дзір у даху была часова залатаная кавалкам лінолеума, знойдзеным на сметніку.

«Я атрымліваю толькі дапамогу па інваліднасці — гэта ўсе мае сродкі. Працаздольнасць страчана на 80 працэнтаў. Як змог, так і заклеіў дзірку, каб не залівала», — кажа мужчына.

Праблема пагаршаецца з надыходам восені. Без тэрміновай дапамогі рамонт стане немагчымым, а жыллё — непрыдатным для жыцця. На сцяне свайго дома Генадзь павесіў шыльду з надпісам: «Дапамажыце — дах» у надзеі, што нехта з магілёўцаў адгукнецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула