Памёр украінскі мастак бурацкага паходжання, што стварыў культавыя мультфільмы «Востраў скарбаў» і «Прыгоды капітана Урунгеля»
Вядомы ўкраінскі мастак-пастаноўшчык анімацыі бурацкага паходжання Радна Сахалтуеў пайшоў з жыцця. Яму было 90 гадоў, піша УНІАН.
Пра смерць Сахалтуева, якая адбылася ўчора, 31 жніўня, паведаміў кінатэарэтык Сяргей Трымбач на сваёй старонцы ў Facebook.
«Радна Сахалтуеў дакладна меў крылы. З іх дапамогай ён узносіўся над светам будзённасці і шэрасці, імі ўзнагароджваў усіх нас яскравым дарам бачыць саміх сябе ў смехавым пазітыве. Скончылася лета — і скончыўся лік дзён Радны. Бывайце, дарагі, малюйце новыя светы і дашлеце іх нам нейкім чынам», — напісаў мужчына, але не пазначыў прычыну смерці.
Радна Філіпавіч нарадзіўся ва Улан-Удэ ў сям’і службоўцаў. У 1960-х гадах працаваў у Кіеве на студыі «Кіеўнавукфільм». Менавіта там ён разам з Давідам Чаркасскім ствараў анімацыю і стаў адным з вядучых мастакоў украінскага сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Перац».
Пазней браў удзел у ілюстраванні дзіцячага часопіса «Пазнайка», а таксама ілюстраваў кнігі выдавецтваў «Вясёлка», «Моладзь», «Ранак», «Фоліа» і многіх іншых.
Кадр з мультфільма «Востраў скарбаў»
Што да анімацыйных работ, то найбольш паспяховымі для Сахалтуева былі «Прыгоды капітана Урунгеля», двухсерыйны мультфільм «Востраў скарбаў» і «Як казакі ў хакей гулялі».