БЕЛ Ł РУС

«Дзве вадародныя і тры гексагенавыя бомбы, а настаўнікаў і вучняў расстраляюць». У Мінску падлетак адпомсціў дзяўчыне за адмову сустракацца

1.09.2025 / 8:25

Nashaniva.com

У снежні 2023 года 15-гадовая мінчанка Арына пазнаёмілася з равеснікам Паўлам (імёны змененыя). Яны пачалі кантактаваць у тэлеграме і сустракацца ў кампаніях. Паўлу спадабалася дзяўчына, і ён прапанаваў сустракацца, але атрымаў адмову. Падлетак вырашыў адпомсціць, распавядаюць «Мінск-Навіны».

Праз паўгода Арыне напісаў невядомы і паведаміў, што на яе заказаны «докс» і «сватынг». Сватынг — гэта фальшывы выклік спецслужбаў, напрыклад, паведамленне пра бомбу ці захоп закладнікаў. Доксінг — распаўсюджанне асабістай інфармацыі без згоды. Невядомы запатрабаваў відэа з прабачэннямі і пераслаў нават гатовы тэкст. Дзяўчына ўспрыняла гэта як жарт.

Неўзабаве Арына атрымала ад незнаёмца яшчэ адно паведамленне. У ім гаварылася: у школе закладзены дзве вадародныя і тры гексагенавыя бомбы, і праз тры гадзіны расстраляюць усіх настаўнікаў і вучняў, калі на пэўны мабільны нумар не перавядуць 300 тысяч рублёў. Арына спалохалася, паколькі ўказваўся менавіта яе абаненцкі нумар.

У наступным пасланні паведамлялася аб мініраванні ўстановы і неабходнасці ў бліжэйшы час правесці эвакуацыю. Акрамя гэтага, патрабавалася сума ў памеры 20 млн рублёў і зноў указваліся кантактныя дадзеныя Арыны.

Пасля стала вядома, што не менш за восем такіх паведамленняў паступілі на электронныя адрасы сталічных устаноў адукацыі, Магілёўскага інстытута МУС і Мінаблвыканкама. 

Падазраванага затрымалі – ім аказаўся той самы хлопец, які пакутаваў ад нераздзеленага кахання. 

У дачыненні да Паўла распачалі крымінальную справу. Ён цалкам прызнаў віну. Паводле Следчага камітэта, хлопец раней здзяйсняў дробнае хуліганства, маці вяла амаральны лад жыцця, падлетак жыў у прытулку.

Суд прызнаў Паўла вінаватым у «заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы» і прызначыў выхаваўчыя меры: абмежаванне вольнага часу на 6 месяцаў (забарона пакідаць дом з 21:00 да 6:00, забарона наведваць масавыя мерапрыемствы), рэгістрацыя ў міліцыі. Яго тэлефон канфіскаваны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула