БЕЛ Ł РУС

«Досыць саступак». Туск і Урсула фон дэр Ляен наведалі польска-беларускую мяжу

31.08.2025 / 13:36

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен правялі сумесную прэс-канферэнцыю на польска-беларускай мяжы, падкрэсліваючы неабходнасць жорсткай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расіі.

Скрын відэа

Паводле Туска, вайна ва Украіне і апошнія падзеі пацвярджаюць, што ніякія саступкі, ніякая тонкая гульня з Пуціным не гарантуюць бяспекі. 

«Досыць саступак. Мы павінны быць цвёрдымі і добра падрыхтаванымі», — сказаў Туск.

Ён заклікаў Захад да цвёрдасці, салідарнасці і падрыхтаванасці перад «новай версіяй імперыі зла», заклікаў Захад дзейнічаць рашуча, з адзінствам і салідарнасцю.

Putin has not changed.

In the last 25 years he started four wars.

He can only be kept in check through strong deterrence.

We must be precise and fast with the surge in our defence posture ↓ https://t.co/K8jFoTYIDt

— Ursula von der Leyen (@vonderleyen) August 31, 2025

Туск таксама адзначыў, што візіт кіраўніцы Еўракамісіі патрэбны для таго, каб «пераканаць усіх у Еўропе, што гэта мяжа, якую трэба абараняць і ў якую варта ўкладваць еўрапейскія сродкі».

Урсула фон дэр Ляен, са свайго боку, заявіла: «Я тут, каб выказаць поўную салідарнасць з Польшчай як з прыгранічнай дзяржавай».

Яна нагадала пра «цынічныя і наўмысныя гібрыдныя атакі» на Польшчу з боку Беларусі і Расіі.

Яна заявіла, што ЕС прапануе новы сямігадовы бюджэт з трохразовым павелічэннем выдаткаў на ахову межаў і кіраванне міграцыяй.

Асобна было паведамлена, што краіны, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, атрымаюць дадатковае фінансаванне. Таксама Еўракамісія прапануе павялічыць фінансаванне на мабільнасць войска ў 10 разоў і больш чым у 5 разоў абарончыя інвестыцыі.

Фон дэр Ляен акцэнтавала, што «трэба дзейнічаць хутка», бо «Пуцін не змяніўся і не зменіцца, ён — драпежнік», які за апошнія 25 гадоў развязаў чатыры войны: у Чачні, Грузіі, Крыме і поўнамаштабную ва Украіне.

Яна падкрэсліла, што «стрымліваць яго можна толькі сілай».

Раней Туск і фон дэр Ляен прынялі ўдзел у аператыўнай нарадзе з камандаваннем польскай Памежнай службы і арміі ў Крынках на мяжы з Беларуссю.

Там жа яны наведалі месца будаўніцтва «Усходняга шчыта» і агледзелі мадэрнізаваную сталёвую агароджу на мяжы, якая ўжо абсталяваная электроннымі сродкамі кантролю на дзясятках кіламетраў. 

Гэтая сустрэча стала часткай еўрапейскага турнэ фон дэр Ляен, падчас якога яна плануе наведаць еўрапейскія дзяржавы, што мяжуюць з Расіяй і Беларуссю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула