БЕЛ Ł РУС

«Гэта калонія для непаўналетніх, а не школа!» Бацькі школьнікаў абураюцца забаронай на смарт-гадзіннікі

27.08.2025 / 17:41

Nashaniva.com

З 1 верасня ў беларускіх школах уводзяцца строгія абмежаванні на выкарыстанне мабільных прылад. Міністэрства адукацыі афіцыйна заявіла, што з гэтага дня вучням забаронена карыстацца смартфонамі, планшэтамі і смарт-гадзіннікамі ў навучальных установах. Выключэнні робяцца толькі для дзяцей з медыцынскімі паказаннямі, напрыклад, для маніторынгу ўзроўню цукру ў крыві. Гэтае новаўвядзенне негатыўна ўспрымаецца не толькі дзецьмі, але і многімі бацькамі, піша BGMedia.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia

Спачатку многія бацькі спадзяваліся, што забарона тычыцца толькі смартфонаў, аднак Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама дакладна акрэсліў, што пад абмежаванне трапляюць і смарт-гадзіннікі. Чыноўніцкая аргументацыя такая: гадзіннікі могуць выкарыстоўвацца як сродак сувязі, а значыць, гэта фактычна «тэлефон на руцэ».

Міністр адукацыі Андрэй Іванец на адкрыцці Першай нацыянальнай школы рэктараў падкрэсліў, што міністэрства падрыхтавала памятку для бацькоў і вучняў пра парадак выкарыстання мабільных прылад у школах. Ён таксама адзначыў, што планшэты з электроннымі падручнікамі дазволеныя, але толькі без інтэрнэту і магчымасці рабіць званкі. Электронныя кнігі ў некаторых выпадках дазваляюцца, галоўнае — без доступу да інтэрнэту.

Забарона на смарт-гадзіннікі выклікала асабліва моцную рэакцыю ў бацькоў.

У інтэрнэце з’явілася шмат каментароў, частка з якіх у вобразнай форме параўноўвала школу з турмой:

«Такое ўражанне, што я дзіця адпраўляю за краты, а не ў школу. Турнікеты, форма, цяпер яшчэ і ніякай сувязі. Гэта калонія непаўналетніх, а не школа!»

Бацькі скардзяцца, што дзеці трацяць магчымасць звязацца з сям’ёй у любой непрадбачанай сітуацыі, напрыклад, калі ім стала дрэнна або адбылася канфліктная сітуацыя з іншымі дзецьмі.

Некаторыя бацькі падкрэсліваюць, што смарт-гадзіннікі — гэта сродак бяспекі для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, напрыклад, для дзяцей з аўтызмам. Для іх гадзіннікі дазваляюць адсочваць дарогу ў школу і назад, а таксама стан дзіцяці падчас урокаў.

Часта ў каментарыях таксама выказваецца меркаванне, што рэальная мэта забароны — пазбегнуць запісу і кантролю за дзеяннямі настаўнікаў у школе. Бацькі ўзгадваюць выпадкі, калі дзеці здымалі на тэлефон некарэктныя паводзіны педагогаў, а потым улады прымалі бок настаўніка.

Некаторыя бацькі прапануюць паставіць камеры ў класах, калі дзеці не могуць карыстацца гаджэтамі, каб бацькі маглі кантраляваць бяспеку. Іншыя разглядаюць магчымасць калектыўных зваротаў у пракуратуру ці нават да кіраўніцтва краіны, лічаць забарону парушэннем правоў дзяцей і сям’і, бо тэлефон — гэта маёмасць сям’і.

Да таго ж нават тыя бацькі, якія ў цэлым падтрымліваюць ідэю абмежавання смартфонаў у школах, лічаць, што смарт-гадзіннікі не павінны трапляць пад забарону. Яны не адцягваюць увагу вучняў ад урокаў і забяспечваюць магчымасць звязацца з сям’ёй у экстранных сітуацыях.

Сітуацыя засведчыла недавер бацькоў да школ і чыноўнікаў: рашэнні прымаюцца «зверху», без абмеркавання з грамадствам, а дзеці фактычна пазбаўляюцца магчымасці кантактаваць з бацькамі падчас навучання. Многія бацькі плануюць актыўна адстойваць права сваіх дзяцей на сувязь, абмяркоўваюць калектыўныя петыцыі, звароты ў пракуратуру і магчымасць прыносіць гаджэты ў школу нягледзячы на забарону.

Чытайце таксама:

Настаўнікам у школах забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урокаў

«Вайсковай падаплёкі няма, да вайны не рыхтуем». У школах расказалі пра навучанне дзяцей кіраванню дронамі

«Аддалі ўвесь заробак» vs «усё аплаціла дзяржава». Зборы ў школу ў Беларусі і ў Польшчы

У Мінску завяршылі рэканструкцыю школы 1936 года ВІДЭА

Стала вядома, каму ўсё ж такі можна будзе карыстацца тэлефонам у школе

Каментары да артыкула