БЕЛ Ł РУС

«Мая жонка чакае дзіця, а мы жывём у падвале пры царкве». Беларусы просяць дапамогі на роды ў эміграцыі

27.08.2025 / 12:17

Nashaniva.com

Беларуская сям’я ў Швецыі чакае дзіця і просіць дапамогі — пасля 12 адмоў яны ўсё яшчэ змагаюцца за права на жыццё ў бяспецы.

Сяргею 41 год. Разам з жонкай і сынам ён амаль два гады жыве ў Швецыі — цяпер у скромным падвале пры царкве, дзе сям’і далі часовы прытулак. І хоць гэта не дом, яны ўдзячныя за гэты шанец. Іх галоўнае выпрабаванне — чаканне вырашэння 13-й заявы на абарону і падрыхтоўка да з’яўлення на свет яшчэ аднаго дзіцяці.

Пачалося ўсё ў 2020 годзе: Сяргей не змог змірыцца з фальсіфікацыяй выбараў і штодня выходзіў на акцыі. 9 жніўня ён быў на Нямізе, калі сілавікі ўпершыню ўжылі светлашумавыя гранаты. Пазней яго зафіксавалі на фота і відэа з пратэстаў — у тым ліку з камер з распазнаваннем твараў на плошчы Бангалор. «У мяне прыкметныя тату, і маё затрыманне было толькі пытаннем часу», — кажа ён.

У 2023 годзе сілавікі неаднаразова наведвалі яго маці, а з міліцыі тэлефанавалі на адрас прапіскі з «запрашэннямі на гутарку». Разумеючы, што арышт — справа часу, сям’я вырашыла ўцякаць. Яны пераадолелі больш за 8000 кіламетраў праз Расію, Турцыю і Грэцыю, але ўжо на трэці дзень у Швецыі страцілі торбу з дакументамі і грашыма.

За гэты час міграцыйнае агенцтва вынесла 12 адмоў. 3 студзеня 2025 года іх выселілі з лагера для прасіцеляў прытулку, анулявалі ўсе выплаты і дакументы. Цяпер яны не маюць ні медыцынскай страхоўкі, ні права на працу, ні магчымасці арандаваць жыллё.

Нягледзячы на ўсё, сям’я не здаецца. Але цяпер перад імі новае выпрабаванне: у бальніцы паведамілі, што роды могуць прайсці толькі праз кесарава сячэнне — а гэта дарагая аперацыя, якую без дакументаў і страхоўкі нельга атрымаць бясплатна.

«Разумеем, што нам ніхто нічога не вінен. Але калі нехта адгукнецца — значыць, Бог яшчэ з намі», — кажа Сяргей. Ён просіць дапамогі: каб аплаціць роды, перажыць найбліжэйшыя месяцы і падрыхтавацца да сустрэчы з новым жыццём — у бяспецы.

Дапамагчы сям'і можна тут. Да завяршэння збору засталося тры дні. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула