БЕЛ Ł РУС

Ці перагорнем старонку 2020-га? Бугай мае на ўвазе адно, а Лукашэнка — зусім іншае

27.08.2025 / 11:4

Nashaniva.com

Ці варта мяняць адны «нерэалістычныя чаканні» на іншыя? Стары Буркун з «Салідарнасці» адрэагаваў на рэзанансны артыкул Міколы Бугая ў «Нашай Ніве». Перадрукоўваем яго тэкст. 

Артыкул шаноўнага Міколы Бугая выклікаў супярэчлівую рэакцыю нават сярод чытачоў «Нашай Нівы». Бо тэзіс, з якога пачынае аўтар, дублюе фірмовы лукашэнкаўскі: «Трэба перагарнуць старонку 2020-га». Маўляў, варта «знізіць чаканні і адмовіцца ад водападзелаў 20-га».

Шэраг спрэчных думак не перашкодзіў Бугаю трапіць у чаканні часткі супольнасці (ужо сфармаваныя). Пра тое сведчыць апытанка, якую ў сваім тэлеграм-канале зладзіў крыху раней шаноўны Сяргей Навумчык.

«Ці лічыце Вы мэтазгоднай самаліквідацыю створаных за мяжой пасля 2020 г. палітычных цэнтраў узамен на вызваленне ўсіх палітвязняў, поўную амністыю і гарантыю бяспечнага вяртання ў Беларусь усіх эмігрантаў, якія б пажадалі вярнуцца?»

На момант напісання артыкулу 57% прагаласаваўшы адказалі «так», 24% — «не», 19% — «не маю адказу».

Натуральна, гэта не сацыялагічнае даследаванне (ды й боты маглі падкарэктаваць вынікі). Але сведчанне існавання настрояў на «перагортванне».

Праблема ў тым, што перагортваць не гатовы Лукашэнка. І ніколі не быў гатовы. Ягоны адпаведны заклік быў усяго толькі хітрыкам, каб сцішыць пратэстныя настроі і выйграць час дзеля расправы з апанентамі.

Лукашэнка чарговы раз засведчыў гэта літаральна праз дзень пасля артыкула Бугая. Цытата:

«Рассчитывать на то, что мы бандитов выпустим, которые жгли, взрывали, и они это признают, [не стоит]. Мы их выпустим, а они снова против нас будут войну вести?»

Дарэчы, зараз ужо большасць сядзіць нават не за ўдзел у мірных пратэстах, а за каментары, лайкі ды іншыя падобныя праявы нелаяльнасці. Толькі што Вясна даведалася пра жахлівы выпадак, калі на 5 гадоў у калонію адправілі сям’ю — мужа, жонку і дачку — за відэа супраць гвалту сілавікоў.

Лукашэнка шалее, калі ўзгадвае пра 2020-ы. Гэта траўма застанецца з ім да скону. І гэта не той чалавек, якому ўласцівая літасць.

Таму прыхільнікам дэмакратычнай і незалежнай Беларусі папросту бессэнсоўна пагаджацца хоць на «перагортванне», хоць на «вырыванне» старонкі. Гэта ніяк не палепшыць сітуацыю, а, наадварот, створыць глыбокі і надзвычай шкодны з пункту гледжання перспектывы раскол унутры супольнасці па абсалютна штучным пытанні.

Мікола Бугай слушна піша пра неабходнасць адмовіцца ад «нерэалістычных чаканняў» (тым, у каго яны яшчэ засталіся). Аднак ці варта мяняць адны ілюзіі на іншыя?

«Перагарнуць старонку, пачаць жыццё спачатку — ах, гэтая старажытная як свет, марная мара». Эманюэль Карэр, французскі пісьменнік.

Выбар нам усім пакінулі невялікі: капітуляваць або працягваць ісці сваім шляхам.

На гэтым шляху будуць непазбежныя і патрэбныя самыя розныя кампрамісы. Але ёсць розніца паміж разумнай карэкціроўкай тактыкі і хістаннямі ад аднаго накірунку да іншага. Праўда ў тым, што мы не ведаем, які з іх вядзе да свабоды і незалежнасці. Таму ў гэтым «марафоне скрозь ноч» лепш захоўваць здаровы сэнс, спакой, гнуткасць падыходаў і нязменнасць мэт. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула