Ініцыятыва Maldzis выкупіла «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча
Ініцыятыва Maldzis выкупіла франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» («Artis Magnae Artilleriae pars prima») Казіміра Семяновіча, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651-ым годзе. Гэтая праца, напісаная рукою беларуса, — помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння, паведамляецца на сайце ініцыятывы.
Тут і далей фоты Ірыны Арахоўскай
Упершыню кніга «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» выйшла ў свет у Амстэрдаме ў знакамітым выдавецтве Яна Янсана (Johannes Janssonius) у 1650-ым годзе на лацінскай мове.
Упершыню кніга «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» выйшла ў свет у Амстэрдаме ў знакамітым выдавецтве Яна Янсана (Johannes Janssonius) у 1650-ым годзе на лацінскай мове.
Асаблівасцю набытага старадрука з’яўляецца прадмова, напісаная Казімірам Семяновічам менавіта для франкамоўнага выдання. Гэта апошняе дакументальнае сведчанне жыцця нашага славутага суайчынніка — Семяновіч памёр у 1651-ым годзе ў нявысветленых дагэтуль абставінах.
«Кніга пісалася як падручнік для артылерыстаў і піратэхнікаў і здабыла славу самай грунтоўнай і аўтарытэтнай працы ў сваёй галіне ў Еўропе. Нягледзячы на захапленне артылерыяй і ракетамі, Казімір Семяновіч прытрымліваўся гуманістычнага светапогляду: лічыў войны найвялікшым няшчасцем для чалавецтва», — кажа кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч,.
Кніга была набытая на аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Данэйкі, Івана Шылы і мецэнатаў, якія пажадалі застацца непублічнымі.
У будучыні кніга будзе перададзеная ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Беларусь яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой. Старадрук можна будзе пабачыць на Фестывалі Мальдзіса, які пройдзе 7-га верасня ў Варшаве.
«Казіміра Семяновіча можна аднесці да самых эрудаваных людзей свайго часу. Гэта зорка першай велічыні на небасхіле беларускай нацыянальнай навукі. Ягоныя даследаванні і чарцяжы, надрукаваныя ў «Вялікім майстэрстве артылерыі», шмат у чым апярэдзілі час на стагоддзі. Яны ляглі ў аснову сучаснага касмічнага ракетабудавання і ў чымсьці застаюцца актуальнымі нават да сёння», — кажа апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня.