БЕЛ Ł РУС

У ЗША бяздомны мужчына забіў 23-гадовую ўкраінскую мастачку і мадэль

27.08.2025 / 9:10

Nashaniva.com

У амерыканскім горадзе Шарлот (штат Паўночная Караліна) забіта 23-гадовая грамадзянка Украіны Ірына Заруцкая. Паводле інфармацыі паліцыі, трагедыя адбылася ўвечары 22 жніўня на чыгуначным вакзале. Заруцкая атрымала смяротныя ўдары нажом і памерла на месцы.

Як паведамляе New York Post, напад здзейсніў 34-гадовы бяздомны мужчына, якога затрымалі неўзабаве пасля інцыдэнту. 

Ірына Заруцкая была мастачкай і мадэллю. У ЗША яна пераехала ў 2023 годзе, уцякаючы ад вайны ва Украіне, вучылася ў каледжы. Яе смерць пацвердзіла адміністрацыя каледжа, апісаўшы Заруцкую як таленавітую і добразычлівую асобу.

Візажыстка Ульяна Казлоўская, якая працавала з Ірынай, назвала яе «прыгажуняй і сапраўднай мастачкай». Сябры дзяўчыны адзначаюць, што дзяўчына марыла пра новае жыццё ў бяспечнай краіне, але стала ахвярай жорсткага злачынства.

Паводле мясцовых СМІ, падазраваны раней быў неаднаразова судзімы: за крадзеж, узброеныя рабаванні і пагрозы. Ён быў асуджаны на 5 гадоў зняволення.

У студзені 2025 года, пасля псіхалагічнай праверкі, ён выказваў «трывожныя думкі» і сцвярджаў, што ў яго целе «штучны матэрыял», які кантралюе яго дзеянні.

Пакуль не зразумела, ці былі Заруцкая і нападнік знаёмыя. Паліцыя не выключае магчымасці выпадковага нападу. «Пакуль нам не вядома, што менавіта прывяло да трагедыі — канфлікт, выпадковая сварка ці нешта іншае», — заявіў прадстаўнік паліцыі.

«Яна пакінула Украіну, каб палепшыць сваё жыццё», — сказаў журналістам сябар сям'і Заруцкай. А ў рэшце рэшт яе забілі проста таму, што яна апынулася не ў тым месцы і не ў той час.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула