Трамп пра Расію і Украіну: Няважна, што яны гавораць. Усе займаюцца пазёрствам
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на пасяджэнні амерыканскага ўрада заявіў пра спыненне фінансавання Украіны з боку ЗША і гатоўнасць увесці высокія гандлёвыя мыты ў выпадку незаключэння міру не толькі супраць Расіі, але і супраць Украіны. І ўвогуле ён шмат гаварыў пра вайну і пра здзелку, якую ніяк не атрымліваецца заключыць, каб яе скончыць.
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images
Па словах Дональда Трампа, фінансавыя абавязкі па падтрымцы Украіны цяпер цалкам перайшлі да НАТА.
«Як вы ведаеце, мы прадаем НАТА велізарную колькасць абсталявання. Мы не трацім грошы, мы зарабляем, але я не хачу казаць пра зараблянне. Я хачу казаць пра тое, што мы больш не ўдзельнічаем у фінансаванні Украіны, мы ўдзельнічаем у спробах спыніць [баявыя дзеянні]», — заявіў ён.
Разам з тым Трамп паведаміў пра намер Вашынгтона павялічыць аб'ёмы паставак узбраенняў краінам — удзельніцам НАТА, якія цяпер даюць Украіне падтрымку.
«Мы прадаем ракеты і вайсковую тэхніку на мільёны, нават на мільярды даляраў прадстаўнікам НАТА. […] Такім чынам, яны фінансуюць. Мы нічога не фінансуем. Думаю, важна падкрэсліць гэты момант, бо многія гэтага не разумеюць», — патлумачыў Трамп.
Таксама ён прыгразіў, калі канфлікт не ўдасца ўрэгуляваць, увесці гандлёвыя мыты не толькі ў дачыненні да Расіі, але і да Украіны.
«Я магу дасягнуць гэтага, увёўшы санкцыі, або выкарыстаўшы вельмі жорсткую тарыфную сістэму, якая стане вельмі дарагой для Расіі, Украіны ці любога іншага, з кім мы маем справу», — заявіў Трамп.
Ён падкрэсліў, што гатовы да эканамічнай вайны з Расіяй, але не спяшаецца ўводзіць санкцыі, бо яны будуць мець для яе кепскія наступствы, чаго Трамп не хоча.
«Трэба глядзець на сітуацыю шырэй, бо, ведаеце, Зяленскі таксама не зусім бязвінны, праўда? Для танга патрэбныя двое — я кажу пра гэта ўвесь час. Іх трэба звесці за стол перамоў. Цяпер у мяне нармальныя стасункі з Зяленскім, але яны ўжо зусім іншыя, чым раней, бо мы больш не плацім грошы Украіне. Мы спынілі гэта», — адзначыў ён.
Таксама Трамп заявіў:
«Ніхто не пачынае вайну, лічачы, што прайграе. Таму яны і ідуць. Я ўпэўнены, што Украіна таксама верыла, што атрымае перамогу: маўляў, мы выйграем, мы зможам. Але як вы атрымаеце перамогу над кімсьці, хто ў 15 разоў большы за вас? Байдэн не павінен быў дапусціць, каб усё гэта адбылося».
Пры гэтым, на яго думку, усе ўдзельнікі працэсу займаюцца «пазёрствам». На пытанне адной з прысутных журналістак, што міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на мінулым тыдні сказаў, што Пуцін не падпіша мірнае пагадненне з Зяленскім, таму што Расія лічыць яго нелегітымным, і ці даносілі расіяне гэту пазіцыю да амерыканскага боку, Трамп раздражнёна адказаў:
«Няважна, што яны гавораць. Стыў [Уіткаф] адкажа, але я магу адказаць таксама: няважна, што яны гавораць. Усе займаюцца пазёрствам. Гэта ўсё лухта (bullshit). Усе займаюцца пазёрствам».
Прысутны тут жа ягоны спецпрадстаўнік Стыў Уіткаф паспяшаўся пацвердзіць, што так яно і ёсць.
«Я хачу, каб гэтая здзелка была завершаная. У мяне ёсць вельмі сур'ёзны план, калі прыйдзецца яго выкарыстаць, але маё галоўнае жаданне — пакласці гэтаму канец. Думаю, у многіх аспектах Пуцін гатовы, але бывае так, што ён гатовы, а Зяленскі — не. Гэта выглядае прыкладна так: «А хто сёння гатовы сесці за стол?»
Мне трэба звесці абодвух разам, і я хачу, каб усё гэта скончылася. Мы маем эканамічныя санкцыі — і я падкрэсліваю, што гаворка ідзе менавіта пра эканамічны ціск, таму што я не хачу давесці да Трэцяй сусветнай вайны… Думаю, у мяне ўсё атрымаецца», — выказаў упэўненасць прэзідэнт ЗША.
Спецпрадстаўнік Белага дома Стыў Уіткаф на гэтым пасяджэнні заявіў, што ЗША спадзяюцца ўрэгуляваць вайну ва Украіне да 31 снежня 2025 года.
«Украіна, Расія, Іран, Ізраіль, ХАМАС — на гэтым тыдні мы праводзім сустрэчы па ўсіх трох гэтых канфліктах», — паведаміў ён.
Таксама Уіткаф назваў Трампа «найлепшым кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру за ўсю гісторыю».
Чытайце таксама:
Трамп заявіў, што абмяркоўваў з Пуціным ядзернае раззбраенне
Вэнс заявіў пра гатоўнасць Пуціна да «вялікіх кампрамісаў» па Украіне
Трамп так і не ўвёў санкцыі супраць Расіі і Пуціна. Ці варта верыць яго новым пагрозам?