БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Украіна мае ўласную зброю для далёкіх удараў па Расіі без узгаднення з ЗША

26.08.2025 / 18:31

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што цяпер яго краіна выкарыстоўвае ўласныя ракеты далёкага дзеяння і больш не павінна ўзгадняць удары па тэрыторыі Расіі з Вашынгтонам, піша Business Insider.

 Дальнабойная крылатая ракета «Фламінга». Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky

На прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Канады Маркам Карні 24 жніўня Уладзімір Зяленскі адзначыў:

«Сёння мы выкарыстоўваем айчынную зброю далёкага дзеяння. І, шчыра кажучы, ужо даўно не абмяркоўваем падобныя пытанні з ЗША».

Паводле яго слоў, час, калі Захад дасылаў супярэчлівыя сігналы наконт удараў Украіны па Расіі ў адказ, ужо мінуў.

Раней Украіна крытычна залежала ад заходніх сістэм накшталт амерыканскіх ATACMS і брытанскіх Storm Shadow. Іх прымяненне патрабавала дазволу і падтрымкі ЗША, у тым ліку спадарожнікавых даных для навядзення.

Доўгі час Кіеву забаранялі атакаваць тэрыторыю Расіі з-за страху эскалацыі. Гэта выклікала расчараванне ўкраінскіх уладаў, якія лічылі, што без магчымасці біць у тыл ворага іх армія «звязаная па руках».

У канцы 2024 года Вашынгтон усё ж дазволіў абмежаваныя ўдары па Расіі, але ў жніўні 2025-га Wall Street Journal паведаміла, што Пентагон заблакаваў выкарыстанне ATACMS для атак унутры РФ. Афіцыйна Белы дом заявіў, што «ваенны курс не змяніўся».

Аднак за апошнія гады Украіна стварыла ўласныя сістэмы далёкага дзеяння.

Акрамя таго, Украіна актыўна выкарыстоўвае беспілотнікі для ўдараў па расійскіх энергазаводах і вайсковай інфраструктуры. Хоць яны павольнейшыя і слабейшыя за ракеты, але таксама даюць вынік у стратэгічнай вайне на знясіленне.

На фоне спроб адміністрацыі Дональда Трампа ўцягнуць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў мірныя перамовы сітуацыя са знішчальнымі сродкамі Украіны набывае асаблівую вагу. Сам Трамп нядаўна адзначыў, што «немагчыма выйграць вайну, калі табе дазваляюць толькі абараняцца, а не атакаваць».

Чытайце таксама:

Што вядома пра крылатую ракету «Фламінга». Ці дастане яна да Масквы і вытворчасцяў шахедаў?

З'явіліся ВІДЭА, як працуе новая ўкраінская ракета «Фламінга»

Ва Украіне паказалі новую дальнабойную крылатую ракету «Фламінга»

Каментары да артыкула