Пад Магілёвам заўважылі павука пагрозліва-яркага віду. Ці варта ад яго хавацца?
Укус госця, які прыбыў у Беларусь з цёплых краін, можа быць балючым.
Аргіёпа Бруніха, выяўленая пад Магілёвам. Фота: інстаграм vidosy_mogilev
Пад Магілёвам жыхары заўважылі незвычайнага для Беларусі павука — самку асы-павука, або аргіёпы Бруніха (Argiope bruennichi). Яе лёгка пазнаць па яркіх чорна-жоўтых палосах на брушку.
На відэа, апублікаваным мясцовым каналам, бачна, як яна ахоўвае кокан з будучым патомствам. Для Беларусі сустрэча з гэтым відам рэдкая, хаця ў апошнія гады яго ўсё часцей заўважаюць у розных рэгіёнах краіны.
Як выглядае і дзе жыве
Самкі аргіёпы даволі буйныя: даўжыня іх цела дасягае 15—25 мм. Яны заўсёды знаходзяцца ў цэнтры свайго павуціння, размяшчаючыся галавой уніз. Гэта адрознівае іх ад звыклых беларускіх крыжавікоў, якія часта хаваюцца ўбаку.
Самцы ў некалькі разоў меншыя і сціплей афарбаваныя — шэра-бурыя, таму амаль незаўважныя. Іх жыццё нялёгкае: дарослыя самцы перастаюць будаваць акуратныя сеткі, а замест гэтага адразу накіроўваюцца на пошукі самкі. Калі каля яе збіраецца некалькі прэтэндэнтаў, узнікаюць канфлікты. Дадайце сюды рызыку быць з’едзеным самкай — і стане зразумела, чаму выжываюць далёка не ўсе.
Самец аргіёпы Бруніха. Фота: Wikimedia Commons
Ці небяспечны яго ўкус
Нягледзячы на грозны выгляд аргіёпы, яе ўкус адносна бяспечны для чалавека. Ён падобны да таго, як калі б уджаліла пчала ці аса: выклікае кароткатэрміновы боль і пякоту. Аднак алергікам варта быць асцярожнымі — у іх яд можа справакаваць больш сур’ёзную рэакцыю.
Гасцей з поўдня становіцца больш
Спачатку аргіёпу Бруніха можна было сустрэць пераважна ў зоне стэпаў і пустынь, ад Міжземнамор’я да Японіі, у тым ліку ў Кітаі і паўночнай Індыі. Але з канца ХХ стагоддзя гэты від пачаў актыўна распаўсюджвацца на поўнач: яго знаходзілі ў Польшчы, Германіі, Расіі, краінах Балтыі і нават у Скандынавіі. У Беларусі ж ён, відаць, упершыню быў адзначаны ў Белавежскай пушчы толькі ў 2001 годзе.
Самка аргіёпы Бруніха. Фота: Wikimedia Commons
Навукоўцы лічаць, што рух на поўнач звязаны не толькі з глабальным пацяпленнем. Генетычныя даследаванні паказалі, што ў папуляцыях адбывалася змешванне еўрапейскіх і азіяцкіх ліній гэтых павукоў. Гэта прывяло да ўзбагачэння генетычнага матэрыялу, павышэння ўстойлівасці і адаптацыі да больш суровых умоў. Такім чынам, аргіёпа змагла пашырыць свой арэал значна далей за традыцыйныя паўднёвыя межы.
Пакуль рэдкая ў нас аргіёпа Бруніха не ўваходзіць у Чырвоныя кнігі Беларусі, Украіны ці Расіі. У Еўропе яна таксама не ахоўваецца.