Дайкон, сельдэрэй і рыет з марской капусты: што новага з’явіцца ў школьным меню ў Мінску
Упершыню ў восеньскае меню сталічных школьнікаў уключылі салаты з дайкону і сельдэрэю. Пра гэта журналістам 26 жніўня распавяла дырэктарка Камбіната школьнага харчавання (КШХ) Мінска Людміла Крупская, пішуць Мінск-навіны.
Фота: Мінск-навіны
— Для арганізацыі харчавання школьнікаў у новым навучальным годзе тэхналагічнай службай КШХ распрацаваны прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны на восеньскі перыяд, якія атрымалі гігіенічную ацэнку на адпаведнасць санітарна-эпідэміялагічным нормам.
У рацыёны ўключаны 137 страў, з іх дзевяць — фірменныя стравы КШХ. Гэта чатыры салаты, суп, тры гарачыя стравы і напой, — адзначыла Крупская.
У меню восеньскага перыяду ўвайшлі тры салаты з прадуктаў, якія раней не выкарыстоўваліся ў школьным харчаванні. Ідзе гаворка пра дайкон, сельдэрэй.
— Мы на пастаяннай аснове праводзім мерапрыемствы па папулярызацыі здаровага харчавання з арганізацыяй дэгустацыі прадукцыі для школьнага харчавання. Паспрабаваўшы страву, дзеці могуць выказаць сваё меркаванне пра смакавыя якасці вырабу праз запаўненне анкеты ці галасаванне. Так, пасля правядзення дэгустацыі, у восеньскае меню быў уключаны абсалютна новы прадукт — рыет з марской капусты з гароднінай ад беларускага вытворцы, — расказала Людміла Крупская.
Паводле інфармацыі КШХ, тэхнолагі прадпрыемства за лета распрацавалі 13 новых страў і вырабаў. Іх тэхналагічныя карты атрымалі станоўчую ацэнку на адпаведнасць прынцыпам дзіцячай дыетэтыкі.