«Жывуць на Блакітным беразе». Лукашэнка запатрабаваў, каб «разумныя гандляры» ішлі гандляваць у неперспектыўныя вёскі
Аляксандр Лукашэнка хоча, каб буйныя гандлёвыя сеткі бралі на сябе сацыяльную адказнасць.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Ali Cura Anadolu via Getty Images
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па эфектыўнасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва чарговы раз абрынуўся з крытыкай на буйных рытэйлераў.
Лукашэнка абвінаваціў «разумных гандляроў» у тым, што яны адкрылі бізнэс у Мінску і занадта добра жывуць, але чамусьці не хочуць адкрываць крамы ў неперспектыўных вёсках.
«Я хачу, каб вы гэта пачулі. У нас усе разумныя гандляры кінуліся ў буйныя гарады, пабудавалі тут крамы, нядрэнна жывуць, праўда, на Блакітным беразе ўсе гаспадары і ўладальнікі. Ну так арганізуйце так, каб яны працавалі там, у глыбінцы», — запатрабаваў Лукашэнка.
Па яго плане, працаваць усё павінна так: тыя, хто хоча будаваць бізнэс у вялікіх гарадах, павінны браць на сябе «сацыяльную адказнасць».
«У невялікія вёскі, хай нават неперспектыўныя, трэба прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва. Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнэс у сталіцы і іншых буйных гарадах — вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўца на вёсцы. Тым больш што праблемных раёнаў не так і шмат», — сказаў Лукашэнка.