«Аддалі ўвесь заробак» vs «усё аплаціла дзяржава». Зборы ў школу ў Беларусі і ў Польшчы
Апошнія дні лета — традыцыйны час актыўных збораў у школу для вучняў і іх бацькоў. Колькі сёлета каштуе сабраць дзіця ў школу? «Белсат» паглядзеў, што абяцалі чыноўнікі ды паслухалі аповеды бацькоў, якія сёлета адпраўляюць дзяцей у школу ў Беларусі і ў Польшчы.
Ад 330 да 1400 рублёў
Яшчэ ў ліпені начальніца ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Наталля Мельнікава распавяла пра цэны на падрыхтоўку да навучальнага года. Так, паводле яе слоў, набор дзелавога адзення, якое цяпер абавязковае ва ўсіх школах і замацаванае нават заканадаўча, у Кодэксе аб адукацыі, для малодшых класаў каштуе ад 240 рублёў, для старэйшых класаў — да 500 рублёў.
Калі дадаць да дзелавога касцюма абутак, а таксама канцылярскія тавары, то кошты для малодшых класаў ужо будуць складаць ад 330 да 1100 рублёў. Для старэйшых класаў — ад 400 да 1300 рублёў.
Да пачатку верасня ва ўсіх гарадах Беларусі традыцыйна працуюць школьныя базары — агулам каля 350 па ўсё краіне. Улады абяцалі, што сёлета асартымент на іх будзе на 20% большым, чым летась, з улікам не распраданых тавараў з мінулых гадоў.
Паводле начальніцы аддзелу развіцця гандлю і паслугаў дзяржаўнага аб’яднання «Сталічны гандаль і паслугі» Настассі Макарскай, касцюм для хлопчыка — вучня 1 — 4 класаў у менскіх універмагах сёлета каштуе ад 69 да 213 рублёў, для вучня старэйшых класаў — ад 135 да 283 рублёў. Для дзяўчынкі: у 1 — 4 класах цана сарафану — ад 34 да 98 рублёў, блузкі — ад 20 да 101 рубля, для старшакласніц сарафан каштуе ад 42 да 109 рублёў, блузкі ад 21 да 119 рублёў. Такім чынам, агульны кошт — ад 52 да 228 рублёў.
Спартовыя касцюмы для заняткаў фізкультурай можна купіць па цэнах ад 41 да 131 рублёў.
Туфлі для хлопчыка абыдуцца ў 79 — 173 рублі, для дзяўчынкі — у 55 — 184 рублі. Кошты на заплечнікі вагаюцца ад 65 да 244 рублёў.
Кошт канцылярскага набору для малодшай школы — ад 119 да 363 рублёў, для старэйшых класаў — ад 115 да 500 рублёў.
«Мінск-Навіны» сцвярджаюць, што сёлета, каб сабраць дзіця ў школу, спатрэбіцца да 414 да 1 400 рублёў.
«Будзе няпроста дажыць да вераснёўскіх заробкаў»
Кацярына (імя змененае з меркаванняў бяспекі) сёлета адпраўляе сваю дачку ў 4-ы клас у адным з раённых цэнтраў Беларусі.
Сям’я набыла ўжо амаль усё, што трэба для навучальнага года — калі штосьці і засталося, то гэта дробныя канцылярскія прылады, і, магчыма, спатрэбіцца яшчэ пару блузак на замену, кофты для халоднага сезону, зазначае Кацярына. Агулам у сям’і сышло каля 1500 рублёў.
«Дачка вырасла за лета, нічога з вопраткі з мінулага года ёй ужо не падыходзіць, давялося купляць абсалютна ўсё новае. Мы ўзялі два так званых дзелавых касцюма, летась таксама так бралі. Не разумею, як можна браць адзін — а праць яго калі? Мы ўзялі два сарафаны і 4 блузкі да іх — за гэта аддалі 210 рублёў. Туфлі, зменны абутак, кеды абышліся прыкладна ў 400 рублёў. Заплечнік — 150. Яшчэ спартовы касцюм — 50 рублёў. І на канцылярку, ланчбокс, розныя дробязі кшталту шкарпэтак, калготак, бялізны — каля 500 рублёў. Хоць яно здаецца танным — тыя ж сшыткі сёлета па 18 — 20 капеек, але калі ўсё сабраць, атрымліваецца нямала. Каля 200 рублёў яшчэ аддалі за куртку на восень», — распавяла Кацярына.
Да гэтай сумы яшчэ дадасца аплата падручнікаў (21 рубель сёлета) і кветкі для настаўніцы — Кацярына пакуль не ведае суму, але кажа, што пастараецца не моцна патраціцца, бо «і так будзе ўжо няпроста дажыць на вераснёўскіх заробкаў» жанчыны і ейнага мужа.
«Мой заробак — 1500 рублёў — якраз увесь і пайшоў, каб цалкам сабраць дачку ў школу», — кажа беларуска.
У параўнанні з мінулым годам цэны сталі вышэйшымі, зазначае Кацярына. Падаражэў абутак, алоўкі, фарбы. Заплечнікі сталі моцна даражэйшымі, але на іх кошты жанчына параўноўвае з тым, што было тры гады таму, калі дачка ішла ў 1-ы клас — тры класы дзяўчынка хадзіла з адным заплечнікам, але сёлета яго ўжо давялося абнавіць.
«У Польшчы пачуваешся больш расслаблена»
Юлія (імя таксама змененае з меркаванняў бяспекі) сёлета адпраўляе ў 4-ы клас свайго сына, але ў адным з невялікіх гарадоў Польшчы. Папрасілі яе падзяліцца расходамі.
«Я спецыяльна не падлічвала, але калі прыкінуць, на адзенне — тры пары штаноў, кашулю, два світшоты, зменны абутак, шорты, цішотку і абутак на фізкультуру ў нас сышло каля 550 злотых (каля 510 беларускіх рублёў — рэд.). Стараліся шукаць рэчы на зніжках і акцыях, а тут такіх вееельмі шмат! Яшчэ не купілі красоўкі на кожны дзень — туфлі сын не хоча. Думаю, каля 150 злотых аддамо (каля 140 рублёў — рэд.). Заплечнік па зніжцы купілі за 70 злотых (65 рублёў)», — распавядае Юлія.
На сшыткі і канцылярскія тавары ў сям’і сышло 150 злотых (140 рублёў). Купляць падручнікі не трэба — у школе сказалі, што дадуць. На кветкі настаўніцы траціцца таксама не давядзецца — у Польшчы няма такой традыцыі.
«Мне падаецца, у Польшчы пачуваешся больш расслаблена перад школай. Тут няма такога, каб форму выбіраць нейкую адну абавязкова, па нейкім шаблоне — галоўнае, каб дзіця было чыста і ахайна апранутае, ніякіх узораў дзелавых касцюмаў школы не вызначаюць. Сшыткі таксама можна набываць такія, як табе падабаецца. Прынамсі, я тут не адчуваю такога напружання, як у Беларусі, і моцна спачуваю сваім сяброўкам, якія там збіраюць дзяцей у школу, а асабліва тым, у каго іх двое», — кажа Юлія.
Дапамога да школы ў Беларусі і Польшчы
А самы істотны плюс Польшчы, са словаў жанчыны — гэта праграма «Добры старт», паводле якой кожнае дзіця мае права на падтрымку на навучальны год у памеры 300 злотых (278 рублёў).
У сям’і Юліі на падрыхтоўку да школы сышло 920 злотых ці 852 рублі. З улікам дапамогі ад дзяржавы атрымліваецца 620 злотых ці 574 рублі. Гэта каля 12% ад Юлінага заробку.
«А яшчэ не трэба забывацца, што ў Польшчы штомесяц дзіця атрымлівае 800 злотых. Калі яшчэ іх палічыць, то атрымаецца, што мы ўвогуле нічога не патрацілі на зборы сына ў школу — усё аплаціла дзяржава», — рэзюмуе беларуска.
У Беларусі грашовую дапамогу да школы могуць атрымаць толькі шматдзетныя сем’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Тады на кожнае дзіця выплочваецца 30% бюджэту пражыткавага мінімуму, які на 1 жніўня 2025 года складае 487,72 рублёў. То бок, на адно дзіця будзе 146,3 рублёў.
Каб атрымаць гэтую выплату, трэба звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства аднаго з бацькоў ці па месцы навучання дзіцяці.
Малазабяспечаныя, у тым ліку шматдзетныя сем’і могуць атрымаць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу. Яе памер вызначаецца раённай камісіяй індывідуальна, з улікам даходу і сітуацыі сям’і.