Сібіга: Кіеў гатовы да сустрэч у любых фарматах і геаграфічных рэгіёнах
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падчас тэлефоннай размовы з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа і еўрапейскімі калегамі патлумачыў пазіцыю Украіны адносна гарантый бяспекі і далейшых крокаў на шляху да міру, піша Бі-бі-сі.
Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP; АР
Па словах Сібігі, Кіеў гатовы зрабіць наступныя крокі да міру.
«Мы гатовы да сустрэч на ўзроўні лідараў у любых фарматах і геаграфічных рэгіёнах. Мы гатовы спыніць забойствы і даць дыпламатыі шанец. Масква павінна ведаць, што не можа бясконца цягнуць час. Калі Расія працягне адмаўляць значныя, канструктыўныя крокі да міру, ёй давядзецца сутыкнуцца з наступствамі: сур'ёзным узмацненнем санкцый і ўмацаваннем патэнцыялу Украіны», — напісаў кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства ў X.
Што да гарантый бяспекі Украіны, Сібіга паведаміў, што пацвердзіў пазіцыю Кіева пра тое, што такія гарантыі павінны быць канкрэтнымі, юрыдычна абавязальнымі і эфектыўнымі.
«Яны павінны быць шматмернымі, уключаючы ваенны, дыпламатычны, прававы і іншыя ўзроўні. Мы ўсе перакананыя, што ўкраінская армія з'яўляецца фундаментальным звяном любых такіх гарантый, таму яе максімальнае ўмацаванне — наш галоўны прыярытэт», — адзначыў кіраўнік МЗС Украіны.