БЕЛ Ł РУС

Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў калоніі

25.08.2025 / 13:10

Nashaniva.com

Судзілі яго за ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні», паведамляе БАЖ. Да суда яго больш за паўгода ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА.

Алег Супрунюк. Фота: БАЖ

Паводле сяброў і знаёмых, Алег Супрунюк перастаў адказваць на тэлефанаванні пасля 22 студзеня гэтага года.

4 чэрвеня 2025 года пракуратура Брэсцкай вобласці паведаміла, што брэсцкага журналіста будуць судзіць за сяброўства ў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле пракуратуры, з кастрычніка 2023 па снежань 2024 года ён напісаў не менш за 43 журналісцкія артыкулы.

Алег Супрунюк вядомы жыхарам Брэстчыны як рэпарцёр, які асвятляў для іх сацыяльна і грамадска значныя праблемы рэгіёна. За час у прафесіі працаваў у газеце «Брестский курьер», анлайн-выданні «Першы рэгіён», супрацоўнічаў з іншымі незалежнымі выданнямі.

12 снежня 2024 года сілавікі прыходзілі да Алега Супрунюка з ператрусам. Тады ў журналіста забралі камп’ютарную тэхніку і тэлефон, а яго самога павезлі на допыт. Пасля допыту быў складзены адміністрацыйны пратакол за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» (паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Журналіста асудзілі на 15 сутак арышту, 27 снежня ён выйшаў на волю.

У верасні журналісту споўніцца 58 гадоў. Ён мае інваліднасць, і ёсць перасцярогі, што за кратамі стан здароўя журналіста можна значна пагоршыцца, піша БАЖ.

БАЖ — незалежнае прафесійнае аб'яднанне журналістаў. У сакавіку 2023 года арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула