БЕЛ Ł РУС

Расійскі плывец знік без вестак пры спробе пераплысці Басфор у Турцыі

25.08.2025 / 8:20

Nashaniva.com

У Стамбуле падчас штогадовага міжкантынентальнага заплыву праз Басфор, які арганізуе Алімпійскі камітэт Турцыі, знік 29-гадовы расійскі спартовец, кандыдат у майстры спорту Мікалай Свечнікаў.

На дыстанцыю ў 6,5 км выйшлі амаль 3000 удзельнікаў. Да фінішу дайшлі ўсе, акрамя Свечнікава. Як пішуць расійскія каналы, ён стартаваў адным з першых, але ўжо праз 500—600 метраў яго згубілі з поля зроку.

Спаборніцтвы праходзілі з 10:00 да 14:00. Спачатку ішоў дождж, пазней усталявалася сонечнае надвор’е пры +25 °C і ветры. 

Паводле спартсменаў, Свечнікаў мог выбіцца з сіл каля першага моста або ў яго здарылася сутарга.

Удзельнікі «Басфора 2025» таксама скардзіліся на праблемы з бяспекай. Яны адзначалі, што на сярэдзіне дыстанцыі не было выратавальных катараў, а ў гэтым годзе было асабліва моцнае сустрэчнае цячэнне. Адзін з плыўцоў прызнаўся, што разлічваў прайсці 6,5 км за 1 гадзіну — 1:20, але ў выніку праплыў толькі за 1:46.

Знаёмыя спартсмена адзначаюць, што пасля спаборніцтваў яго рэчы зніклі. Паводле іх слоў, пасля яго прапажы ратавальнікі і паліцыя не прадпрынялі актыўных дзеянняў.

Пасля заплыву, у межах фестывалю Teknofest, па праліве прайшлі ваенныя караблі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула