БЕЛ Ł РУС

Трамп так і не ўвёў санкцыі супраць Расіі і Пуціна. Ці варта верыць яго новым пагрозам?

25.08.2025 / 7:28

Nashaniva.com

Дональд Трамп ужо некалькі месяцаў пагражае Крамлю новымі санкцыямі, калі Уладзімір Пуцін не спыніць агрэсію супраць Украіны. Але ўльтыматумы мінаюць, дэдлайны пераносяцца, а воз і цяпер там: ЗША не ўвялі ніводнай новай санкцыі супраць Расіі за ўсё паўгода кіравання Трампа. Ці варта верыць яго пагрозам? Піша ВВС.

Гутарка прэзідэнта Дональда Трампа і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў пятніцу, 15 жніўня 2025 года, на базе Элмендорф-Рычардсан, Аляска. Фота: AP Photo / Julia Demaree Nikhinson

Трамп на днях чарговы раз даў Пуціну «яшчэ пару тыдняў» і прыгразіў, што калі прагрэсу на шляху да міру не будзе, ён «прыме вельмі важнае рашэнне».

«Я вырашу, што мы будзем рабіць, — сказаў Трамп. — Гэта будзе вельмі важнае рашэнне пра тое, уводзіць ці не маштабныя санкцыі або тарыфы — а можа і тое, і другое. Ці мы нічога не будзем рабіць і скажам: разбірайцеся самі».

Пакуль што другі варыянт выглядае верагоднейшым за першы, кажуць эксперты. Трамп усё мякчэй ставіцца да Расіі: ён цёпла прыняў Пуціна на амерыканскай зямлі, пасля чаго перастаў патрабаваць спынення агню, а Белы дом пачаў тлумачыць, што санкцыі контрпрадуктыўныя і перашкаджаюць, а не спрыяюць, мірнаму працэсу.

Адзіная санкцыя за вайну ва Украіне, якую Трамп увёў пасля ўсіх сваіх пагроз, была накіраваная супраць Індыі — за куплю расійскай нафты. Але і ў гэтым эксперты ўбачылі спробу выбіць саступкі ў гандлёвых перамовах з Індыяй, хутчэй чым інструмент ціску на Пуціна.

Дадатковыя пошліны Трампа супраць Індыі ўступаюць у сілу на гэтым тыдні, 27 жніўня, і тэарэтычна здольныя адбіць у яе жаданне купляць у Расіі нафту — яе галоўны экспартны прадукт.

Аднак на практыцы малаверагодна, што Расія страціць Індыю як пакупніка, кажуць эксперты. Яны ўпэўненыя, што Трамп хутка скасуе і гэтыя пошліны, а разам з імі — адзінае сур’ёзнае ўскоснае або прамое санкцыйнае рашэнне супраць Крамля, зацверджанае ў ягоны другі тэрмін пры ўладзе.

«Трамп перыядычна выказвае незадаволенасць Расіяй, але дагэтуль не прыняў ніякіх мер, каб прымусіць Расію спыніць вайну. Увесь ціск быў скіраваны на Украіну. Пагрозы ўвесці санкцыі супраць Расіі так і не былі рэалізаваныя», — адзначае Рут Дэерманд, эксперт па Расіі з Каралеўскага каледжа Лондана.

Чаму ЗША не ўводзяць новыя санкцыі

Кангрэс нават падрыхтаваў законапраект, які дазваляе Трампу ўвесці «знішчальныя санкцыі», нагадвае Рут Дэерманд, але ў выніку яго адклалі з падставы таго, што Белы дом і без новага закона абрыне на Расію ўсю санкцыйную моц найбуйнейшай у свеце амерыканскай эканомікі.

«Аднак ніякіх мер прынята не было. А калі Трампа нарэшце ўгаварылі назваць дату ўвядзення новых санкцый, ён у гэты дзень замест санкцый абвясціў, што запрасіў Пуціна на Аляску».

Пасля памятнага саміту Белы дом патлумачыў, што пытанне пра санкцыі знятае з парадку дня.

«Калі мір будзе немагчымы, а вайна працягнецца і людзі будуць гінуць тысячамі, то ў прэзідэнта будзе магчымасць увесці новыя санкцыі», — сказаў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў інтэрв’ю CBS.

«Але калі санкцыі ўвесці цяпер, на гэтым перамовы і скончацца. Фактычна мы атрымаем яшчэ як мінімум год-паўтара вайны, смерцяў і разбурэнняў. На жаль, гэтым усё можа скончыцца, але мы гэтага не хочам».

А чаго тады хоча Белы дом?

«Трамп і ягонае атачэнне, падобна, не лічаць Расію перашкодай на шляху да міру ва Украіне. Яны лічаць яе вайну з Украінай перашкодай на шляху да міру з Расіяй, — піша Рут Дэерманд. — Для Трампа галоўная мэта — не спыненне вайны, а аднаўленне адносін з Расіяй».

Што можа зрабіць Трамп?

Але калі Трамп раптам перадумае, раззлуецца і вырашыць пакараць Пуціна за няўступчывасць — якія санкцыі ў яго ў запасе?

Галоўны нявыкарыстаны козыр — канфіскацыя прыкладна 300 млрд долараў замарожаных валютных рэзерваў Расіі. Але ён у руках еўрапейцаў, бо Пуцін яшчэ да вайны вывеў усе грошы з варожай на той момант Амерыкі ў Еўропу.

Таму ў Трампа застаецца толькі адна моцная мера — другасныя санкцыі супраць пакупнікоў расійскіх энергарэсурсаў.

Экспарт нафты і газу дазваляе Крамлю фінансаваць вайну. ЗША даўно ўвялі поўнае эмбарга, а Еўропа — частковае, аднак Расія перанакіравала пастаўкі ў Кітай і Індыю і працягвае прадаваць адносна невялікія аб’ёмы на еўрапейскім рынку, перадусім у Венгрыі і Славакіі, дзе ўлады лаяльныя Пуціну.

Трамп зрабіў першы крок на шляху да другасных санкцый і абвясціў, што ўвядзе з 27 жніўня дадатковую 25% пошліну на імпарт індыйскіх тавараў у ЗША, калі Індыя не спыніць купляць нафту ў Расіі.

«Адразу пасля гэтай заявы Пуцін запрасіў сустрэчу са спецыяльным пасланнікам Трампа. Супадзенне? Я амаль упэўнена, што не», — сказала Таццяна Мітрава, эксперт па расійскай энергетыцы з Цэнтра сусветнай энергетычнай палітыкі Калумбійскага ўніверсітэта.

«Гэта паваротны момант і сапраўды балючая пагроза. Я ўпэўнена, што індыйская нафтавая карта адыграла сваю ролю», — кажа Мітрава. Даходы Расіі і без таго скарачаюцца ўслед за цэнамі на нафту, і страта другога пасля Кітая найбуйнейшага пакупніка ў выглядзе Індыі была б балючай для Крамля.

Ці спрацуе індыйская карта зноў?

Аднак адна справа — выклікаць Пуціна на размову, зусім іншая — пераканаць яго спыніць вайну.

Сумневы ёсць нават у тым, што пагроза Трампа будзе рэалізаваная і Індыі давядзецца выбіраць — амерыканскі рынак або расійская нафта са зніжкай, кажа спецыяліст па амерыканскіх санкцыях і калега Мітравай з Калумбійскага ўніверсітэта Рычард Неф'ю.

«Хутчэй за ўсё, тарыфы так і не ўступяць у сілу, а калі ўступяць, то ненадоўга, а потым Трамп іх прыпыніць праз тыдзень-другі», — сказаў Неф'ю, які раней адказваў за іранскія санкцыі ў Дзярждэпе ЗША.

Расія, нафта і вайна былі толькі падставай для ўвядзення гэтых пошлін, згаджаецца былы чыноўнік Мінгандлю ЗША, а цяпер эксперт даследчага цэнтра CSIS Біл Райніш. Сапраўдная прычына — няўступчывасць Індыі ў гандлёвых перамовах з Трампам, упэўнены ён.

У ЗША да Індыі тры прэтэнзіі, нагадвае ягоны калега з CSIS Філіп Лак, былы эканаміст Дзярждэпа ЗША ў адміністрацыі Джо Байдэна. Па-першае, высокія пошліны на імпарт амерыканскіх тавараў. Па-другое, негатоўнасць адкрываць свой рынак для амерыканскай сельскагаспадарчай прадукцыі. І толькі па-трэцяе — купля нафты ў Расіі.

Таму пошліны супраць Індыі як сродак прымусіць Пуціна спыніць вайну выклікаюць пытанні.

«Калі іншыя праблемы ў гандлёвых перамовах будуць знятыя, то пытанне пра расійскую нафту, магчыма, страціць актуальнасць, — сказаў ён. — І ўвогуле, калі б галоўнай і адзінай мэтай было нанесці шкоду Расіі і прыбраць яе нафту з рынку, то тут ёсць прасцейшыя спосабы і іншыя інструменты».

Да таго ж, калі Індыя раптам у адзін момант спыніць купляць расійскую нафту, сусветныя цэны на яе вырастуць прыкладна ў паўтара раза, або на 30 долараў за барэль, мяркуе Мітрава. Кітай не купіць гэтыя аб’ёмы з-за палітыкі дыверсіфікацыі паставак, а іншыя пакупнікі спалохаюцца гневу Трампа.

Такі скачок цэн на нафту супярэчыць абвешчанай мэце Трампа знізіць кошт бензіну для амерыканцаў.

Больш за тое, Індыя — важны, але далёка не галоўны пакупнік расійскай нафты. Ключавы партнёр Крамля — Кітай. А адносіны з Сі Цзіньпінам Трамп псуе яшчэ больш неахвотна, чым з Пуціным. У гандлёвай вайне ЗША і Кітая цяпер перамір’е — аж да магчымай сустрэчы Трампа з Сі ў канцы кастрычніка на саміце АСЕАН у Малайзіі.

Ціснуць асабліва няма чым

А калі не другасныя санкцыі супраць пакупнікоў расійскіх энергарэсурсаў, то набор інструментаў для ціску на Пуціна ў Трампа абмежаваны, кажа эксперт па амерыканскіх санкцыях Рычард Неф'ю.

«У выніку ўсё зводзіцца да пытання: ці застаюцца санкцыі эфектыўным сродкам ціску на Расію з мэтай спынення вайны? Калі не нафта і не экспарт энергарэсурсаў, ці ёсць у нас іншыя інструменты, здольныя прымусіць Расію змяніць стратэгічны курс?»

Трамп думаў, што ўсё будзе прасцей, кажа Неф'ю.

Ён асабіста сустрэнецца з Пуціным — і вайна скончыцца. Але выйшла зусім не так, і што цяпер рабіць — незразумела. Пуцін працягвае ваяваць у разліку на перамогу і капітуляцыю Украіны, што было відавочна з самага пачатку, здзіўляецца Біл Райніш з CSIS.

«Ва ўсёй гэтай гісторыі з Расіяй мяне бянтэжыць адно. Чаму ў Трампа сышло так шмат часу, каб зразумець, што Пуцін хоча не перамір’я — ён хоча перамогі? Думаю, гэта было відавочна амаль усім ужо даўно, і, здаецца, нарэшце і ён гэта зразумеў».

А час упушчаны. Бо санкцыі — гэта гульня ў котку і мышку, дзеліцца Райніш уласным досведам працы ў сістэме экспартнага кантролю. Пакуль Амерыка ўзяла паўгода паўзы, Расія працягвала абжываць шляхі абыходу абмежаванняў. Без адказных мер з боку ЗША з кожным днём эфектыўнасць дзеючых санкцый зніжаецца.

«На кожны ваш ход заўсёды ёсць адказ. Яны знойдуць спосаб прадаваць нафту ў абыход санкцый. Таму гэта пастаянная гульня ў котку і мышку, і нам заўсёды трэба быць напагатове».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула