«Дармаедаў» пачалі караць за няяўку на прафілактычныя мерапрыемствы
Вядома пра такія выпадкі на Гомельшчыне.
Акцыя міліцыі па «адпрацоўцы незанятых у эканоміцы» набірае абароты. З'явілася першае пацвярджэнне таго, што сілавікі пачалі рэпрэсіі ў дачыненні да «дармаедаў», паведамляе «Флагшток».
У Рагачове паведамілі пра тое, што з 1 красавіка 2025 года ў раёне прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 12 незанятых у эканоміцы грамадзян «за ігнараванне патрабаванняў супрацоўнікаў РАУС».
Не ўдакладняецца, па якім менавіта артыкуле КаАП беспрацоўных прыцягвалі да адказнасці і якое пакаранне (штраф, арышт, грамадскія працы) яны атрымалі. Міліцыя не мае права патрабаваць ад афіцыйна беспрацоўных, якія трапілі ў базу, з'яўляцца на «групавыя прафілактычнае мерапрыемства з мэтай аказання садзейнічання працаўладкаванню», таму адміністрацыйны пераслед «дармаедаў» — незаконны.
Калі раней незанятым у эканоміцы высылалі «апавяшчэнні аб яўцы», то апошнім часам сталі выклікаць канкрэтна позвамі.
Фота: «Свабоднае слова»
На фота з чарговага «групавога прафілактычнага мерапрыемства», апублікаванага газетай Рагачоўскага райвыканкама, бачна дзіця ў першым шэрагу — імаверна, бацьку не было з кім яго пакінуць, таму давялося ўзяць з сабой.
А ў Мазыры нядаўняе «прафілактычнае мерапрыемства» скончылася прыцягненнем да прымусовай працы раней судзімых беспрацоўных.
«Праведзена выхаваўчая работа, прыняты меры прафілактычнага ўздзеяння. Падуліковым растлумачаны парадак садзейнічання ў працаўладкаванні, прапанаваны ўсе наяўныя варыянты для працоўнай занятасці», — напісала газета райвыканкама.
Фота: «Жыццё Палесся»
Больш за тое, райвыканкам зацвердзіў пералік арганізацый «для прыцягнення асоб, не занятых працай, якія знаходзяцца на ўліках у РАУС, да грамадска карыснай працы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на аб'ектах сацыяльнага прызначэння (у тым ліку па ўборцы тэрыторый сацыяльна значных аб'ектаў) у рамках прафілактычных мерапрыемстваў».
У пералік увайшлі ўсе сельскія выканкамы і Мазырскі райжылкамгас.
Скрыншот відэа «Чачэрскі веснік»
Паказалі мясцовых «дармаедаў» і ў Чачэрску. Раёнка апублікавала відэа з кірмашу вакансій у Доме культуры. Перад незанятымі ў эканоміцы таксама выступіў міліцыянт, а газета ўдакладніла, што ў раёне маецца звыш 200 вакансій, з іх больш за сотню — па рабочых спецыяльнасцях.