БЕЛ Ł РУС

Максім Харошын з жонкай адкрылі бар на Мадэйры. Колькі гэта каштавала?

26.08.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Бізнэсмен стаў вядомым у 2020 годзе пасля таго, як у 2020 годзе яго моцна збілі сілавікі. Харошын выехаў у Літву, дзе адкрыў краму кветак. Цяпер сям'я пачынае бізнэс на партугальскім востраве Мадэйра. Who is Betty прапануе гасцям вялікую вінную карту і стравы розных еўрапейскіх краін. Распыталі бізнэсмена, як праходзіла падрыхтоўка да адкрыцця і што значыць такая таямнічая назва бара.

Максім і Кацярына. Фота: Максім Харошын / Instagram

У Мінску Максім Харошын быў адным з уласнікаў сталічнай кветкавай крамы «Першы кветкавы». Кветкамі ён займаўся і ў Літве, куды эміграваў. А цяпер Максім перабраўся на партугальскую Мадэйру.

Працуе бар Who is Betty ў Фуншале — сталіцы Мадэйры. Лакацыя — самы цэнтр горада.

«Мы прыдумалі такую назву, калі пілі віно ў Вільні. Падумалі, што трэба нешта свежае, каб яшчэ так дакладна ніхто не назваў бар. Мы маем на ўвазе, што Бэці — гэта нейкая таямнічая дзяўчынка, якую ніхто не бачыў», — тлумачыць назву рэстарана Харошын.

Партугальская Мадэйра. Фота: Максім Харошын / Instagram

Усе келіхі загадзя зрабілі з лагатыпам бару — вуснамі. Гэта, дарэчы, не было простай задачай.

«Прыйшлося аб'ездзіць усе друкарні. Знайшлі адну вялікую, якой распавялі пра нашу ідэю. Яны сказалі, што не робяць такое. Але мы да іх прыязджалі тры разы — і яны сказалі: ладна, калі вы такія настойлівыя, раскажыце пра сваю канцэпцыю, чаму вы хочаце брэндзіраваць келіхі», — расказвае рэстаратар.

У выніку ў друкарні сказалі, што ўсё зробяць. «Не дзеля грошай, а дзеля таго, што мы такія смельчакі».

Фота: асабісты архіў героя

Пакуль бар працуе ў тэставым рэжыме. З 8:00 і да 15:00 там можна заказаць сняданак, з 17:00 — стравы з вечаровага меню.

Меню. Фота: Максім Харошын / Instagram

Выбар страў касмапалітычны: на сняданак ёсць беларускі, французскі, нямецкі, англійскі, украінскі варыянты.

«Я б назваў нашу кухню касмапалітычна-хуліганскай. Нельга сказаць, што яна ў нас еўрапейская, італьянская ці англійская. Гэта кухня народаў свету — і нам хацелася б, каб людзі, якія прыязджаюць сюды ці тут жывуць, каштавалі тыя стравы, што асацыююцца з іх краінай».

Меню стварала дзяўчына з Кіева, якая цяпер жыве ў Барселоне. Адметна, што яна не прафесійная брэнд-шэф, але фудзі. Так называюць чалавека, які мае добры гастранамічны густ, шмат вандруе і вывучае гастраномію ў розных краінах — ад Сінгапура да Брытаніі.

Харошын кажа, што для свайго першага месца на Мадэйры абраў менавіта такую спецыялістку. У самім бары таксама будуць працаваць не партугальцы: тры беларусы будуць на кухні, тры ўкраінцы — у зале.

Распрацоўка меню. Фота: Максім Харошын / Instagram

Віны рэстаратар падбіраў сам — Who is Betty будзе другім барам на востраве, дзе прапануюць натуральныя, а не класічныя гатункі.

«То-бок гэта віны без цукру, без апрацоўкі. Віны з класнай этыкеткай — яны ўсе свежыя, натуральныя», — кажа Харошын.

Фота: асабісты архіў героя

Здзіўляць гасцей Who is Betty плануе і ўвагай да дробязяў: заўсёды на месцы будуць свежыя кветкі, кожнаму, хто замовіў віно, будуць перадаваць запіску ад таямнічай Бэці. 

«Маленькі інтэрактыў, каб гасцям было прыемна, весела, а не толькі выпіць бакал віна. Бо зразумела, што на Мадэйры віна вельмі шмат», — тлумачыць заснавальнік.

Інтэр'ер бара. Фота: Максім Харошын / Instagram

Харошын кажа, што з пункту гледжання бюракратыі адкрыць бар на Мадэйры нескладана. Трэба толькі падаць заяўку і мець дамову арэнды. Самы цяжкі этап — гэта будоўля. На яе трэба і шмат дазволаў, і прафесійны персанал. Тым, хто захоча адкрыць рэстарацыю на востраве, ён раіць прывозіць рабочых з сабой. 

«Таму што тут няма кваліфікаванай працоўнай сілы. Кажуць, што яны прафесійныя будаўнікі, але яны не будаўнікі. Гэта як людзі з фотаапаратам думаюць, што яны фатографы. Гэта цэлая прафесія».

Падчас рамонту яму шмат дапамагала жонка Кацярына. Хаця яны абое апошнім часам займаліся кветкавым бізнэсам, Максім больш за 18 гадоў адпрацаваў у рэстаранах Вадзіма Пракоп'ева (прайшоў шлях ад афіцыянта да кіраўніка сеткі), а Кацярына па спецыяльнасці — архітэктар і дызайнер інтэр'ераў.

Кацярына і Максім. Фота: Максім Харошын / Instagram

Who is Betty — першы з трох рэстаранаў на Мадэйры, якія пара запланавала адкрыць. На яго яны думалі патраціць 80 тысяч еўра, але ў выніку атрымалася каля 100 тысяч. Акупіць укладанні (частка грошай — свае, частку ўкладаў партнёр) Харошыны хочуць максімум за два гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула