БЕЛ Ł РУС

«Усё, прыплылі». Беларусы сутыкнуліся з масавымі праблемамі ў выкарыстанні PayPal

22.08.2025 / 18:57

Nashaniva.com

Беларусы сталі скардзіцца на праблемы з выкарыстаннем PayPal унутры краіны. Па іх словах, у апошнія дні стала немагчыма прывязаць банкаўскія карты да акаўнтаў, а таксама не праходзяць транзакцыі пры спробе аплаты. Скаргі паступаюць ад розных карыстальнікаў, і праблема, мяркуючы па ўсім, набыла масавы характар, піша «Анлайнер».

Фота ілюстрацыйнае

Па словах аднаго з карыстальнікаў, падтрымка банка БНБ не зафіксавала ніякіх зваротаў ад PayPal.

«Падтрымка БНБ кажа, што з іх боку перашкод няма і таксама няма ніякіх зваротаў да карты падчас прывязкі або праверкі, каб яны маглі зразумець прычыну. Падобна на тое, PayPal не можа дастукацца да гэтых картаў, таму што нейкі банк-пасярэднік (рэспандэнт), хутчэй за ўсё, заблакаваў белкарты».

Падобная сітуацыя ў кліента Альфа-Банка.

«Так. З «альфай» абсалютна тое ж самае. Да гэтага два дні таму ўсё выдатна плацілася, карты былі пацверджаныя. У дадатку пацвярджэнне не патрабуецца, але на сайце відаць, што не пацвярджаецца. Плацяжы не праходзяць».

Некаторыя карыстальнікі адзначаюць, што аплата праз PayPal праходзіць, але не ўсюды.

«У мяне такая ж карцінка. Спрабаваў Visa ад Прыёрбанка і «Беларусбанка». Што цікава — у іншай краме аплата праз PayPal прайшла».

«Тое ж самае. Карткі «БНБ — і ў рублях, і ў далярах — не праходзяць аплаты і не верыфікуюцца. Хоць на гэтым тыдні ўсё выдатна працавала, прайшло некалькі аплат».

Некаторыя сутыкаюцца з нечаканымі паведамленнямі аб заканчэнні тэрміну дзеяння карты.

«У краме пры паўторнай спробе аплаты выдае: «Карта пратэрмінаваная», хоць да заканчэння тэрміну дзеяння яшчэ год. Добра хоць, што гэта не толькі ў мяне».

Такая ж сітуацыя сёння і з Парытэтбанкам:

«Your card has expired. Please update it or add a new card to complete your payment («Тэрмін дзеяння вашай карты скончыўся. Калі ласка, абновіце яго ці дадайце новую карту, каб завяршыць плацеж»). Усё, прыплылі».

Адзін з карыстальнікаў, які рэгулярна аплачвае перадзаказы праз PayPal, таксама сутыкнуўся з праблемай.

«Раней усё працавала — дзве карты «Альфы» былі прывязаныя, аплата ішла паэтапна. Цяпер падышоў тэрмін наступнага плацяжу, і PayPal пачаў адмаўляць, абедзве карты не прымаюцца. У банку сказалі, што запытаў нават не паступала — значыць, блакаванне на баку PayPal. У падтрымку пісаць без толку — спрабаваў».

Пры гэтым ніякіх афіцыйных каментароў па сітуацыі ні ад PayPal, ні ад беларускіх банкаў пакуль не паступала. Прычыны таго, што адбываецца, застаюцца невядомыя.

Праблемы з PayPal узніклі не толькі ў Беларусі.

«Наконт PayPal. Знаходжуся ў Іспаніі. Да PayPal прывязаная іспанская карта і карта Revolut. З раніцы плацяжы не праходзяць ні з адной з дзвюх картаў. Дакладней, плацеж праходзіць, PayPal піша, што ўсё паспяхова, але на самой справе грошы з карты не спісваюцца і да атрымальніка яны не даходзяць. Так што праблема не толькі ў Беларусі», — паведамляе Сяргей.

Чытайце таксама:

Беларусбанк расказаў, які тэлефонны нумар заўсёды махлярскі

Інфляцыя ў Беларусі дасягнула 7,4%

«Гарачых тураў сёлета няма і не будзе». Адпачынак на моры стаў для беларусаў даражэйшым, але попыт усё адно высокі

Каментары да артыкула