БЕЛ Ł РУС

Правялі ператрус у былога дарадцы Трампа па нацыянальнай бяспецы

22.08.2025 / 17:17

Nashaniva.com

22 жніўня ФБР правяло ператрус у доме Джона Болтана, былога дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падчас ягонага першага тэрміну, а цяпер ягонага крытыка. Афіцыйна прычыны ператрусу пакуль не паведамляліся.

Джон Болтан. Фота: Mike Theiler — Pool/Getty Images

Ператрус адбываецца ў прыгарадзе Вашынгтона, пра гэта паведаміла газета The New York Times. Дырэктар ФБР Кэш Патэль адзначыў, што агенты «выконваюць заданне» і што «нікому не дазволена быць вышэй за закон», але не пацвердзіў, што яго заявы непасрэдна тычацца Болтана. У ФБР таксама адзначылі, што дзеянні праводзяцца «з дазволу суда».

Інфармацыя CNN сведчыць, што ператрус можа быць звязаны з падазрэннем у незаконным абароце інфармацыі, звязанай з нацыянальнай бяспекай. У 2020 годзе, праз год пасля звальнення Болтана Трампам, ён выдаў кнігу, у якой крытычна ацэньваў былога кіраўніка. Адміністрацыя Трампа патрабавала выдаліць некаторыя часткі кнігі, сцвярджаючы, што там раскрываюцца канфідэнцыйныя даныя. Пачатае тады супраць Болтана расследаванне адміністрацыяй Джо Байдэна было спынена.

Пасля вяртання Трампа ў Белы дом у 2025 годзе яго адміністрацыя выставіла шэраг абвінавачванняў палітычным апанентам і тым, хто нібыта незаконна пераследваў Трампа. Болтан, які з 2019 года не займае пасад ва ўрадзе, працягвае крытыкаваць Трампа, у тым ліку за недастатковую рашучасць у адносінах да Расіі.

Сам Болтан пакуль ператрус не каментаваў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка льсціўся да Трампа, пахваліў Пазняка і адмовіўся ад перамоў з апазіцыяй

Трамп: Праз два тыдні стане вядома, ці будзе мір ва Украіне

Былы дарадца прэзідэнта ЗША: Трамп на перамовах не прайграў, але Пуцін відавочна перамог

Трамп: Калі б я атрымаў Маскву і Ленінград у выніку ўгоды з Расіяй, СМІ напісалі б, што гэта дрэнная здзелка

Каментары да артыкула