Марскі дрон ГУР знішчыў групу элітных расійскіх вадалазаў у бухце Наварасійска
Галоўнае ўпраўленне разведкі паведаміла пра знішчэнне пяці расійскіх вадалазаў у бухце Наварасійска, якія спрабавалі падняць беспілотны ўкраінскі марскі дрон для даследавання.
Расійская база ў Наварасійску. Фота: Sasha Mordovets / Getty Images
Падчас аперацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны ў Чорным моры адзін з ударных марскіх дронаў прарваўся ў бухту Наварасійска, дзе Расія захоўвае рэшткі сваіх караблёў Чарнаморскага флоту, паведамляе ГУР.
У выніку дзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы дрон страціў сувязь з пунктам кіравання і пачаў дрэйфаваць. Камандаванне расійскага флоту аддало загад падняць украінскі беспілотнік для даследавання.
Для выканання задання накіравалі групу з пяці элітных вадалазаў-падрыўнікоў з падраздзялення ПДСС (падводныя дыверсійныя сілы і сродкі) — гэта спецыялісты, на падрыхтоўку якіх Расія выдаткоўвае значныя рэсурсы і забяспечвае іх сучасным абсталяваннем.
Падчас маніпуляцый з украінскім дронам адбыўся выбух. У выніку ўсе пяцёра расійскіх вадалазаў загінулі.
«Сярод асабовага складу расійскага флоту, які базуецца ў Наварасійску, гучыць вострая незадаволенасць бессэнсоўным «мясным» загадам камандавання дастаць украінскі марскі дрон, што прывяло да ліквідацыі элітнай групы», — гаворыцца ў паведамленні ГУР.