На рэканструкцыі Чырвонага касцёла будаўнікі збіраліся выкінуць пакінутыя там іконы і кнігі
Але на гэта звярнулі ўвагу вернікі — рэчы атрымалася выратаваць, піша katolik.life.
Фота: katolik.life
У мінскім Чырвоным касцёле (святога Сымона і святой Алены) працягваецца рэканструкцыя.
Вернікі даведаліся, што будаўнікі па ўказанні ўласніка касцёла, дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», збіраліся выкінуць адтуль абразы, кнігі, іншыя рэлігійныя прадметы, якія «не забралі адказныя асобы».
Здымкі з пакінутымі рэчамі апублікавалі ў сацсетках — тады пра гэта даведаліся вернікі. Тыя данеслі інфармацыю пра гэта да духавенства, але хуткай рэакцыі не было.
Фота: katolik.life
Таму вернікі самі пастараліся выратаваць абразы, партрэт фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча, кнігі (у тым ліку Бібліі, лекцыянарыі, малітоўнікі), рэпрадукцыю Езуса Міласэрнага. Некаторыя рэчы ўжо знаходзіліся ў сметніку.
Як заўважае katolik.life, сярод рабочых у Чырвоным касцёле — мусульмане з Таджыкістану. Іх здзівіла такое стаўленне да рэлігіі.
«Яны былі яшчэ больш занепакоеныя сітуацыяй: які прыклад паказваюць хрысціяне прадстаўнікам іншай канфесіі ў адносінах да сваіх святыняў?», — піша партал.
Паведамлялася, што працы ў храме вядзе генпадрадчык «Мінскпрамбуд», які наняў замежных работнікаў. Рэканструкцыю павінны завяршыць у студзені 2027 года.