Украіна дапускае замарожванне вайны, але на пэўных умовах
Адным з базавых сцэнарыяў завяршэння вайны ва Украіне можа стаць замарожванне канфлікту ўздоўж цяперашняй лініі фронту. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю італьянскай газеце La Repubblica.
Міхаіл Падаляк
«Папярэдняя пазіцыя Украіны такая: мы разумеем, што адзін з базавых сцэнарыяў выхаду з гэтай вайны — гэта замарожванне канфлікту ўздоўж лініі фронту. Гэта тэрыторыі, якія сёння дэ-факта акупаваныя Расеяй. Яны такімі і застануцца. А далей будзе вялікая праца эканамічнымі, дыпламатычнымі і іншымі інструментамі, каб вярнуць гэтыя тэрыторыі ва Украіну. Але дэ-юрэ яны будуць заставацца ўкраінскімі», — сказаў Падаляк.
Ён падкрэсліў, што пытанне перадачы тэрыторый Расіі цалкам выключанае.
«Я не вельмі разумею, як саступкі агрэсару могуць прывесці да заканчэння вайны. Такім чынам агрэсар не плаціць за агрэсію, наадварот. Дык чаму ён павінен спыніцца? Так мы яго толькі заахвочваем.
Да таго ж прэзідэнт Зяленскі вельмі выразна сказаў: перадача тэрыторый Расіі забароненая», — заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны.
Падаляк падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра нормы Канстытуцыі Украіны, але і пра міжнароднае права.
«Гэта не толькі канстытуцыйнае пытанне. Тут гаворка ідзе пра парушэнне міжнароднай забароны. Немагчыма аднабакова аддаваць тэрыторыю агрэсару», — растлумачыў ён.
У той жа час ён падкрэсліў, што ў выпадку рэалізацыі сцэнарыя замарожвання вайны гаворка будзе ісці пра фактычнае, але не юрыдычнае прызнанне часова акупаваных тэрыторый.
«Так, менавіта так. Дэ-юрэ ніхто не прызнае гэтыя тэрыторыі расійскімі», — рэзюмаваў ён.
Чытайце таксама:
ЗША могуць у якасці гарантый бяспекі закрыць неба над Украінай
Трамп астыў да ідэі арганізаваць сустрэчу Пуціна і Зяленскага
Уіткаф перадаў ордэн ад Пуціна намесніцы дырэктара ЦРУ — яе сын ваяваў за Расію і загінуў