Вось як выглядаюць новыя падручнікі па замежных мовах для школ — з кадэтамі і піянерамі
На прыкладзе новага падручніка па нямецкай мове для 8 класа паглядзелі, як беларуская дзяржава перафарматоўвае вывучэнне замежных моў у школах пад свае актуальныя ідэалагічныя патрэбы.
Вокладка першага і другога выданняў падручніка па нямецкай мове для 8-га класа.
У пачатку жніўня паведамлялася, што ў навучальным годзе 2025/2026 будзе перавыдадзены шэраг падручнікаў, у тым ліку па замежных мовах.
«Вялікая ўвага нададзена навучальным дапаможнікам па замежных мовах. Яны дапоўнены інфармацыяй, якая дазваляе навучэнцам сфарміраваць магчымасць прадстаўляць нашу краіну і яе культуру ва ўмовах іншамоўнай міжкультурнай камунікацыі», — адзначыла начальніца метадычнага цэнтра Акадэміі адукацыі Людміла Раманоўская.
Пакуль што адзіным абноўленым выданнем падручніка па замежных мовах, якое з’явілася ў анлайн-доступе, стаў падручнік па нямецкай мове за 8 клас. Гэта другое, «перагледжанае і дапоўненае» выданне падручніка, які выйшаў у 2018 годзе пад аўтарствам Антаніны Будзько і Іны Урбановіч. У новым выданні аўтаркай пазначаная толькі Будзько.
Першае, што кідаецца ў вочы, гэта вокладка, дзе казачны калядны нямецкі гарадок быў заменены на калаж з праваслаўным саборам у панараме Мінска, курганам Славы, партрэтам Францыска Скарыны ды арнаментам з афіцыйнага сцяга.
Гэтую кнігу можна ацэньваць ужо па вокладцы, бо яна адлюстроўвае тон усяго падручніка — культурна-палітычны ізаляцыянізм.
Першыя ілюстрацыі, якія сустракалі школьніка ў старым выданні падручніка, былі прысвечаныя першаму школьнаму дню.
Першыя ілюстрацыі, якія сустракаюць школьніка ў новым выданні падручніка — выключна ідэалагічныя.
Калі раней першымі ілюстрацыямі на старонках падручніка былі шчаслівыя дзеці, якія з усмешкамі ішлі ў школу ў першы дзень новага навучальнага года, то цяпер першыя старонкі сустракаюць фотаздымкамі кадэтаў, якія слухаюць ветэрана, і страявога маршу школьнікаў-кадэтаў у чырвоных берэтах.
Варта адзначыць, што мы не знайшлі нічога падобнага ў Беларусі, але такая форма, як на фота, характэрная для кадэтаў МНС Расіі.
Побач — фотаздымкі падвязвання піянерам гальштука ў колерах дзяржаўнага сцяга і дзяўчына каля дошкі з плакатам 17 Верасня — новага Свята народнага адзінства.
Ідэалагічныя ілюстрацыі ў новым выданні падручніка па нямецкай мове для 8-га класа.
Ідэалагічныя ілюстрацыі ў новым выданні падручніка па нямецкай мове для 8-га класа.
Ідэалагічныя тэксты і ілюстрацыі ў новым выданні падручніка па нямецкай мове для 8-га класа.
Праз некалькі старонак зноў падборка: школьнікі з МНСнікам, дзяўчынкі ў пілотках, дзяржаўны герб над картай Беларусі. Далей — скокі ў псеўданародных касцюмах на фоне «Мінск — горад-герой», нейкі выступ на сцэне, дзе большую частку кадра займае трансляцыя афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі. Асобны тэкст прысвечаны дзяржаўным святам Беларусі і ілюстраваны плакатамі да 17 Верасня і 9 Мая, помнікам у Хатыні ды дзяржаўнай сімволікай. Ёсць асобны тэкст пра Дажынкі з «млынам» з саламяных цюкоў.
У раздзеле пра кіно — савецкія фільмы Беларусьфільма, апошняя прапагандысцкая навінка «На іншым беразе», фільм «На спіне ў чорнага ката», у якім знялася ўнучка Лукашэнкі, і менш вядомы фільм пра партызан «Час вярнуцца» 2024 года.
Падборка беларускіх фільмаў у новым выданні падручніка па нямецкай мове для 8-га класа.
Сярод выдатных беларускіх акцёраў побач са Стэфаніяй Станютай — пуцініст Уладзімір Гасцюхін.
Можна знайсці сімвал Таварыства ратавання на вадзе, вокладку Працоўнага кодэкса Беларусі, што выглядае недарэчна ў кантэксце падручніка па замежнай мове.
Тэксты пра пакой Перамогі і ратавальнікаў на вадзе ў новым выданні падручніка
Нічога гэтага ў папярэднім выданні падручніка не было. Не трэба тлумачыць, што наўрад ці што-небудзь з гэтага натуральным чынам прысутнічае ў жыцці беларускіх школьнікаў, а не навязана зверху, і таму
складана ўявіць, каб, сустрэўшыся з немцам, беларус пачаў расказваць яму пра піянерыю і фільмы пра партызан.
Ёсць, вядома, і пра беларускія народныя традыцыі, кухню, Купалу, Коласа, Багдановіча, Быкава, пра Скарыну, пра «Песняроў», пра Дзень беларускага пісьменства, але выглядае гэта інфармацыя ў падручніку выключна як супрацьвага ідэалагічнаму складніку і спроба прыхаваць, што з нямецкага падручніка выкінулі нямецкую культуру.
Тэма вайны ў новым выданні падручніка прадстаўлена ў розных варыянтах, у тым ліку праз творы Васіля Быкава.
Вядома, мы не можам дакладна апісаць кожную змену ў падручніку, але відавочна, што ён стаў іншым, істотна менш нямецкім і істотна больш ідэалагічным. Гэта бачна і па ілюстрацыях, і па тэкставых устаўках: стала значна менш інфармацыі пра вядомых немцаў, пра нямецкія традыцыі, літаратуру, музыку, кіно, святы і кухню.
Пэўнае ўяўленне пра тое, як змяніўся падручнік, можа даць параўнанне частотных спісаў слоў з двух выданняў.
У новым выданні сталі часцей ужывацца словы і вытворныя ад іх Belarus (286 супраць 210), Tradition — (116 супраць 70), Heimat — Радзіма (17 супраць 8), Krieg — вайна (13 супраць 7), Disziplin — дысцыпліна (9 супраць 5),
Russia (14 супраць 10), Sieg — перамога (8 супраць 0), а таксама пашырылася ўжыванне слоў Erinnerung — памяць, Kampf — барацьба, Pflicht — доўг, Respekt — павага.
Тэмы вайны, галоўнага апірышча ідэалогіі рэжыму Лукашэнкі, сапраўды стала адчувальна больш у тэкстах: ад твораў Быкава да музейнага пакоя ў школе.
Тэмы пра нямецкую гісторыю і культуру, такія як падзенне Берлінскай сцяны і аб'яднанне Германіі, выкінутыя ў новым выданні і заменены беларускай тэматыкай.
І на гэтым фоне адбываецца скарачэнне такіх слоў як: Deutschland — Германія (усяго 31 згадка ў новым выданні супраць 108 у старым!), Berlin — Берлін (16 супраць 31), Dresden — Дрэздэн (0 супраць 8), Österreich — Аўстрыя (3 супраць 7), Wien — Вена (0 супраць 6),
Schweiz — Швейцарыя (3 супраць 6), Europa — Еўропа (9 супраць 13), Goethe — Гётэ (16 супраць 27), Beethoven — Бетховен (3 супраць 15), Schiller — Шылер (1 супраць 8), Mozart — Моцарт (1 супраць 4) і гэтак далей. Многія важныя элементы нямецкамоўнай культурнай прасторы былі істотна скарочаны або цалкам выкінуты з новага выдання.
Вывучэнне мовы немагчымае без вывучэння кантэксту гісторыі і культуры краін і народаў, якія размаўляюць на гэтых мовах, бо ўзаемаразуменне адбываецца не толькі на ўзроўні слоў і граматычных канструкцый, але і з улікам гэтага кантэксту.
Уявіце немца, які вывучыў беларускую мову, але нічога не даведаўся пра дранікі і халаднік. Беларуская сістэма лічыць, што можа абысціся без гэтага, ператвараючы вывучэнне мовы ў прафанацыю, якая маскіруе ідэалагічную апрацоўку.
Гледзячы на гэтыя змены, складваецца ўражанне, што мэтай вывучэння замежнай мовы стала не міжнацыянальная камунікацыя, а неабходнасць растлумачыць палоннаму немцу, чаму Belarussischer Ordnung — найлепшы парадак у свеце.
{DONATE_PAYPAL}