БЕЛ Ł РУС

Пад Мінскам пачаў працаваць смеццеперапрацоўчы завод

21.08.2025 / 19:25

Nashaniva.com

Пад Мінскам адкрылі доўгачаканы завод па перапрацоўцы смецця, які будзе, з аднаго боку, карысны для экалогіі сталіцы, а з другога — дазволіць ашчаджаць на вытворчасці цэменту. Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведаміў дырэктар прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панеў.

Фота ілюстрацыйнае

Абсталяванне ўжо змантаванае і запушчанае, цяпер спецыялісты асвойваюць яго работу. Завод размешчаны на палігоне цвёрдых бытавых адкідаў «Трасцянецкі». Ён прызначаны для максімальнага аднаўлення другаснай сыравіны — пластыку, паперы, металу — і яе сартавання.

Акрамя таго, на прадпрыемстве будуць вырабляць RDF-паліва, якое потым плануецца выкарыстоўваць на заводзе «Краснасельскбудматэрыялы» для вытворчасці цэменту, што дазволіць ашчадзіць сродкі. Першая партыя паліва ўжо атрыманая і накіраваная на выпрабаванні ў лабараторыю.

Будаўніцтва завода пачалося ў маі 2024 года на тэрыторыі 12 га: планаванне, расчышчэнне, вываз непрыдатнага грунту і раслін. Запланаваны тэрмін будаўніцтва складаў 32 месяцы, але яго ўдалося скончыць раней.

На пляцоўцы працавалі каля 240 чалавек, уключаючы субпадрадчыкаў, па 12 гадзін у дзень, часта ў выхадныя і святы, а пры неабходнасці — і ўначы. Выкарыстоўвалі каля 50 адзінак тэхнікі. Адначасова праводзілася рэканструкцыя старога цэха.

Асноўная ўвага надавалася галоўнаму корпусу плошчай 25 тысяч «квадратаў», адміністрацыйным блокам, медыцынскаму пункту, кацельні, будынку сушкі RDF-паліва і складу для буйнагабарытных адкідаў.

Чытайце таксама:

У Шчучынскім раёне жанчына папрасіла прыбраць смецце з участка, а ёй знеслі дом

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае

Драгічынская раёнка выпусціла кампліментарнае відэа пра ўпарадкаванне горада. У каментарах раскрылі і іншы бок

У Беларусі ўзмоцняць пакаранне за няправільна выкінутае смецце і няскошаны баршчэўнік

Каментары да артыкула